Да канца года няўрадавыя арганізацыі могуць падаваць заяўкі на гранты ў рамках конкурсу „Польская дыяспара і палякі замежжа 2021”. Арганізатар конкурсу - упаўнаважаны польскага ўрада па справе польскай дыяспары і палякаў за мяжой Ян Дзядзічак (Jan Dziedziczak) паведаміў, што сродкі з праграмы могуць атрымаць зарэгістраваныя ў Польшчы арганізацыі, якія падтрымліваюць палякаў і польскія арганізацыі па ўсім свеце.
Міністр Дзядзічак адзначыў, што сёлета заяўкі можна падаваць таксама на рэалізацыю праектаў у новай катэгорыі.
- Гэта зусім новая катэгорыя: клопат пра імідж Польшчы на міжнароднай арэне. Ейная мэта - супраца з арганізацыямі палякаў за мяжой па прасоўванні і абароне польскіх інтарэсаў за мяжой. Ёсць шмат прапановаў, як змагацца з адмоўнымі антыпольскімі стэрэатыпамі. Паводле мяне, гэта вельмі важнае, як для самой Польшчы, так і палякаў за мяжой.
Бюджэт праграмы складае агулам 50 мільёнаў злотых. На адзін праект можна будзе атрымаць максімум 2 мільёны злотых. Няма абмежаванняў па колькасці праектаў, прапанаваных адной арганізацыяй.
Прапановы можна падаваць праз вэб-сайт: www.polonia.gov.pl.
Вынікі конкурсу будуць абвешчаны 26 лютага 2021 года.
аз