Сёння каталікі і хрысціяне іншых канфесій святкуюць Богаяўленне, якое называюць таксама Святам Трох каралёў. Гэта адно з самых старажытных хрысціянскіх святаў. З ІІІ стагоддзя Богаяўленне адзначаўся на Усходзе, а з канца IV - таксама на Захадзе.
Богаяўленне, з грэчаскага Эпіфанія, нагадвае вернікам, што Збаўца прыйшоў на свет з місіяй міру да ўсіх людзей, а не толькі да абранага народа.
Таму ў свята Касцёл нагадвае пра евангельскую падзею, калі вешчуны з Усходу, якіх называюць таксама каралямі або чараўнікамі, прыбылі ў Віфлеем пакланіцца нядаўна народжанаму Хрысту і прызнаць яго месіяй.
У памяць пра дары, якія мудрацы далі Хрысту, у каталіцкіх храмах асвячаюць ваду, ладан і крэйду, якой на дзвярах дамоў пішуць лацінскія літары KMB або CMB, што часам тлумачаць як першыя літары імён трох вешчуноў (Каспер, Мельхіёр і Бальтазар) або першыя літары лацінскай фразы „Christus mansionem benedicat”, што азначае „Хай блаславіць Хрыстос гэты дом”.
Сёлета з-за пандэміі ў Польшчы не будзе традыцыйных відовішчных Шэсцяў Трох каралёў. Напрыклад, у Варшаве ў сімвалічным паходзе па вуліцах горада прыме ўдзел 5 чалавек, а ў Кракаве - тры. У некаторых гарадах адбудуцца „аўтамабільныя шэсці”. Прымеркаваныя да свята мерапрыемствы адбудуцца aнлайн. У шматлікіх парафіях замест шэсця, пасля імшы запланаванае супольнае спяванне калядных песень.
аз