Беларуская Служба

Занятасць на прадпрыемствах у Польшчы знізілася, а зарплата вырасла

17.02.2021 13:05
Сярэдняя зарплата на прадпрыемствах вырасла да 5 537 злотых( гэта каля 1 236 еўра) з улікам падаткаў і збораў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

У студзені занятасць на прадпрыемствах у Польшчы знізілася на 2 працэнты, а заработная плата павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,8 працэнта, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне.

Гэта азначае, што колькасць супрацоўнікаў прадпрыемстваў у Польшчы скарацілася на больш за 120 000 чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У сваю чаргу сярэдняя зарплата вырасла да 5 537 злотых( гэта каля 1 236 еўра) з улікам падаткаў і збораў, то бок была на 254 злотых (амаль 57 еўра) больш, чым годам раней.

Найноўшыя дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення адрозніваюцца ад прагнозаў эканамістаў, якія прадугледжвалі больш высокі рост заробкаў, то бок на 5,1 працэнта і меншае зніжэнне занятасці на ўзроўні каля 1,3 працэнта.

Дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення бяруць пад увагу толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, у якіх працуе не менш за дзесяць супрацоўнікаў. Пад увагу бяруцца выключна супрацоўнікі на штаце.

аз