Беларуская Служба

Улады спадзяюцца, што польскія вучні вернуцца ў школы яшчэ ў красавіку

12.04.2021 08:41
Пад увагу бярэцца гібрыдная сістэма адукацыі таксама для вучняў старэйшых класаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарTaken/pixabay.com/CC0 Public Domain

Да 18 красавіка школы, дзіцячыя садкі і яслі ў Польшчы застануцца закрытымі. Рашэннем уладаў цягам бягучага тыдня вучні надалей будуць вучыцца дыстанцыйна. Пасля паседжання Кабінетнага савета, якое адбылося ў апошнюю пятніцу, прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што сур'ёзна разглядаецца пытанне аб увядзенні гібрыднай сістэмы адукацыі для ўсіх вучняў, у рамках якой навучанне будзе праходзіць тыдзень у школе і тыдзень дома:

- Гэта здаецца больш разумным рашэннем, чым дазваляць вучыцца ў школе толькі самым маленькім вучням, пакідаючы моладзь дома.

У сваю чаргу міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк запэўніваў у эфіры Польскага радыё 24, што вучні закончаць гэты навучальны год у школах. Міністр мае надзею, што адкрыццё школ зможа адбыцца ў канцы гэтага месяца:

- Я спадзяюся, што ўсе пачатковыя школы вернуцца да традыцыйнага навучання ў красавіку. Зразумела, калі трэцяя хваля пандэміі будзе стабілізавацца так, як гэта бачнае цяпер.

Пакуль улады не памянялі тэрміну выпускных экзаменаў для васьмікласнікаў і экзаменаў на атэстат сталасці. Міністэрства адукацыі таксама хоча, каб летняя экзаменацыйная сесія для студэнтаў праходзіла ў нармальным тэрміне.

аз