Беларуская Служба

Ад мытні да Бельведэра: хто такая Марта Наўроцкая, будучая першая дама Польшчы

05.06.2025 19:44
Пакуль у Польшчы не існуе афіцыйнага статусу першай дамы, грамадства, журналісты і эксперты задаюцца пытаннем, якую ролю возьме на сябе Наўроцкая — актыўнай грамадзянкі ці стрыманай спадарожніцы прэзідэнта?
Аўдыё
  • Ад мытні да Бельведэра: хто такая Марта Наўроцкая, будучая першая дама Польшчы
Агата і Марта Наўроцкія PAP/Leszek Szymański

6 жніўня Марта Наўроцкая стане новай першай дамай Польшчы. Жонка абранага прэзідэнта Караля Наўроцкага, маці траіх дзяцей, паступова ўваходзіць у публічную прастору. Пакуль у Польшчы не існуе афіцыйнага статусу першай дамы, грамадства, журналісты і эксперты задаюцца пытаннем, якую ролю возьме на сябе Наўроцкая — актыўнай грамадзянкі ці стрыманай спадарожніцы прэзідэнта?

Новая першая дама Польшчы Марта Наўроцкая выходзіць на публічную сцэну з выразным пасланнем: «Хачу быць блізка да людзей». Жонка абранага прэзідэнта Караля Наўроцкага, якая працуе ў Дзяржаўнай мытна-падатковай службе (Krajowa Administracja Skarbowa) Польшчы, заваёўвае сімпатыю палякаў сваёй натуральнасцю і непасрэднасцю.

Марта Наўроцкая нарадзілася ў 1986 годзе ў Гданьску. З самага дзяцінства яна вызначалася мэтанакіраванасцю і запалам. Яе шлях пачынаўся ў Дзяржаўнай балетнай школе імя Яніны Яжыноўны-Собчак, дзе навучылася самадысцыпліне і цярплівасці. Хоць будучая першая дама Польшчы марыла пра кар’еру балерыны, яе жыццё склалася інакш.

Пасля заканчэння школы яна паступіла на Факультэт права і адміністрацыі Гданьскага ўніверсітэта. З таго часу ўжо на працягу многіх гадоў працуе ў Дзяржаўнай мытна-падатковай службе. Спецыялізуецца ў кантролі за нафтавай і спіртавой прамысловасцю, а таксама займаецца барацьбой з незаконнымі азартнымі гульнямі. Праца Марты Наўроцкай патрабуе не толькі добрай падрыхтоўкі, але і асабістай мужнасці — Марта мае дазвол на валоданне агнястрэльнай зброяй, часта «працуе ў полі», выконваючы заданні, якія патрабуюць хуткай рэакцыі і рашучасці.

Марта і Караль Наўроцкія пазнаёміліся  калі яна была ў ліцэі. Яны разам ужо больш за дваццаць гадоў, а ў шлюбе — пятнаццаць. У сям’і гадуюць траіх дзяцей: Даніэля, Антонія і Катажыну. Даніэль — сын Марты з папярэдніх адносін, якога Караль Наўроцкі афіцыйна ўсынавіў.

Марта Наўроцкая адкрыта заяўляе: «Хачу быць блізка да людзей». Эксперты мяркуюць, што яе падыход да ролі першай дамы можа грунтавацца на традыцыйных каштоўнасцях і актыўнай грамадскай пазіцыі.

Выкладчык Інстытуту маркетынгу Галоўнай гандлёвай школы Міраслаў Очкась (Mirosław Oczkoś), тлумачыць, што інстытут першай дамы ў Польшчы не мае юрыдычнага статусу:

— Кожная першая дама, пачынаючы з Данута Валэнсы, спрабавала неяк знайсці сябе ў гэтай ролі. У Польшчы не існуе юрыдычна замацаванай інстытуцыі першай дамы. Мы карыстаемся тэрмінам, перанятым — не будзем хлусіць — з ЗША, дзе статус first lady мае вялікую пашану. Але ў Польшчы, калі нехта не хоча прымаць гэтую ролю, ён мае на гэта поўнае права. Няма ані нарматыўных абавязкаў, ані аплаты за яе. З 1989 года ў нас было ўжо пяць першых дам, і можна вылучыць тры асноўныя мадэлі іх паводзінаў. Першая — «Маці-Полька», тыпу Дануты Валэнсы ці часткова Ганны Камароўскай. Другая мадэль — актыўная спадарожніца прэзідэнта, якая падтрымлівае мужа і мае ўласныя ініцыятывы. І, нарэшце, трэці тып, пакуль прадстаўлены толькі Агатай Корнхаўзер-Дудай: маўклівая адсутнасць.

— Паводле апытанняў грамадскай думкі, самай любімай і паважанай першай дамай Польшчы застаецца Яланта Квасьнеўская. Яе лічаць іконай стылю. Некалькі дзён таму яна адзначыла сваё 70-годдзе і нягледзячы на тое, што яна перастала быць першай дамай роўна 20 год таму, яна дагэтуль застаецца лідаркай меркаванняў у Польшчы.

— Так, безумоўна, Яланта Квасьнеўская застаецца дагэтуль недасягальным узорам першай дамы ў Польшчы. Кожны мае ўласнае ўяўленне, што гэтая роля азначае, але пані Квасьнеўская відавочна хацела быць актыўнай, яна вучылася гэтай ролі. Падчас першага прэзідэнцкага тэрміну мужа Аляксандра Квасьнеўскага яна дзейнічала асцярожна, а падчас другога стала больш выразнай і актыўнай. Яна мае такі тып характару, які палякам быў і застаецца блізкі. Яланта Квасьнеўская і сёння часта выказваецца па розных важных пытаннях. Аднак з узнікненнем прыкладаў таго, што можна рабіць у гэтай ролі, грамадскія чаканні таксама растуць. І калі нехта нічога не робіць, гэта можа выклікаць расчараванне — хоць і няма ніякіх юрыдычных нормаў, якія абавязваюць першую даму нешта рабіць. Напрыклад, Агату Дуду падазраюць, што яна паўплывала на прэзідэнта Анджэя Дуду, каб той не падпісаў закон Lex Czarnek — законапраект, які прадстаўляў папярэдні міністр адукацыі крайне правых поглядаў.

— Як можна патлумачыць дзесяцігадовае «красамоўнае маўчанне», як гэта называюць публіцысты,  Агаты Корнхаўзер-Дуды?

— Усе задаюцца пытаннем, чаму спадарыня Агаты Корнхаўзер-Дуды была такой неактыўнай першай дамай. Ёсць розныя версіі. У краінах, дзе няма манархіі, прэзідэнцкае сямейства часта займае падобнае месца ў вачах грамадскасці. У Польшчы таксама ёсць цікавасць да таго, што адбываецца ў Бельведэры. Магчыма, ёй проста не падабалася роля першай дамы, магчыма, яна не прымала некаторыя аспекты ўладнай палітыкі, а магчыма не хацела падпарадкоўвацца пэўнаму рэжыму. Яна не знікала з публічнай прасторы, але ўхілялася ад каментарыяў на важныя сацыяльныя тэмы, асабліва тых, што датычаць жанчын. Многія жанчыны ў Польшчы ставяць гэта ёй у віну.

— Чаго варта чакаць ад Марты Наўроцкай, якая 6 жніўня пераедзе ў Бельведэр?

— Пакуль у нас няма бачання Марты Наўроцкай, таму што мы амаль нічога не ведаем пра яе, як і пра самога новаабранага прэзідэнта. Калі фармуляваць чаканне на будучыню — хацелася б бачыць актыўную першую даму, якая будзе выказвацца па важных пытаннях. Людзі часта вырастаюць да сваёй ролі. Ніхто не нараджаецца прэзідэнтам ці першай дамай. Таму зараз перад Мартаю Наўроцкай чыстая старонка — і толькі ад яе залежыць, як яна запіша сябе ў гісторыі.

Слухайце аўдыё!

эж