Беларуская Служба

«Крушэнне Ту-154M адбылося з-за двух выбухаў у крылах машыны»

12.04.2021 10:03
Антоні Мацярэвіч паведаміў, што падкамітэт пад яго кіраўніцтвам завяршыў даследаванне прычын катастрофы.
Tu-154m na miejscu katastrofy
Tu-154m na miejscu katastrofy CC BY-SA 2.5, via Wikimedia Commons

Віцэ-старшыня кіроўнай партыі „Права і справядлівасці” Антоні Мацэрэвіч заявіў, што прычынай смаленскай катастрофы сталі два выбухі ў самалёце. У інтэрв'ю Першай праграме грамадскага Польскага радыё старшыня падкамісіі, якая з 2016 году займаецца расследаваннем прычын авіякатастрофы польскага самалёта, выказаў надзею, што канчатковая справаздача будзе абвешчана яшчэ ў гэтым месяцы.

Антоні Мацярэвіч заявіў, што крушэнне Ту-154M адбылося з-за двух выбухаў у крылах машыны. Паводле яго, спачатку адбыўся выбух на канцы левага крыла, а затым у яго цэнтральнай частцы.

„Менавіта гэтыя выбухі прывялі да трагедыі і забілі польскую дэлегацыю на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім”, - сказаў Антоні Мацярэвіч.

Ён падкрэсліў, што пілоты польскага самалёта не зрабілі ніякіх памылак. Яны не збіраліся прызямляцца ў аэрапорце Смаленска, а толькі ажыццяўлялі кантрольны падыход. Старшыня падкамісіі дадаў, што не было ніякага ціску на экіпаж самалёта.

Антоні Мацярэвіч паведаміў, што падкамітэт пад яго кіраўніцтвам завяршыў расследаванне прычын катастрофы. У цяперашні час заканчваецца праца над тэкстам справаздачы.

Прычынай смаленскай катастрофы раней займалася Дзяржаўная камісія па расследаванні авіяцыйных здарэнняў пад кіраўніцтвам Ежы Мілера. Паводле ейнай справаздачы з 2011 года, самалёт апусціўся ніжэй мінімальнай вышыні пры празмернай хуткасці ва ўмовах дрэннай бачнасці і ўрэзаўся ў дрэва.

Нагадваем, у катастрофе самалёта Ту-154M у Смаленску 10 красавіка 2010 года загінуў прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай і 94 чалавекі-члены польскай дэлегацыі, якая накіроўвалася на ўрачыстасці 70-годдзя Катынскай разні.

аз