Беларуская Служба

Калекцыя грампласцінак Польскага радыё з запісамі з верасня 1939 года была ўнесеная ў прэстыжны спіс ЮНЕСКА

05.06.2021 14:11
Цырымонія афіцыйнага ўнясення грампласцінак у Польскі спіс праграм ЮНЕСКА «Памяць свету» адбудзецца 10 чэрвеня ў Бельведэры.
.
Грамафон.Autorstwa Moehre1992 - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12135443

Калекцыя 93 арыгінальных сталёвых грампласцінак грамадскага Польскага радыё з запісамі з верасня 1939 года была ўнесена ў Польскі спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету». Упершыню ў гэты прэстыжны спіс былі ўнесеныя аўдыяматэрыялы.

На грампласцінках знаходзяцца, між іншым, запісы выступлення тагачаснага прэзідэнта Варшавы Стэфана Старжыньскага, міністра замежных спраў Польшчы Юзэфа Бэка, а таксама паведамленні амерыканскіх і англійскіх карэспандэнтаў з польскай сталіцы, якая абаранялася ад нямецкага наступлення.

Запісы выратавалі супрацоўнікі Польскага радыё, якія да таго, як радыёстанцыю захапілі немцы, вывезлі і схавалі іх у прыватных дамах. Грамапласцінкі, вычышчаныя і алічбаваныя, сёння з’яўляюцца важным урокам гісторыі краіны, а таксама польскага і сусветнага радыё.

Праграма «Памяць свету» была запушчаная ЮНЕСКА ў 1992 годзе. Ейная мэта – увекавечанне значэння шматвяковай дакументальнай спадчыны чалавецтва. Праграма звяртае ўвагу на неабходнасць абароны дакументаў асаблівай гістарычнай значнасці, якія з'яўляюцца сведчаннем нашай культуры і цывілізацыі.

Цырымонія афіцыйнага ўнясення грампласцінак у Польскі спіс праграм ЮНЕСКА «Памяць свету» адбудзецца 10 чэрвеня ў Бельведэры.

аз