Беларуская Служба

Спецыялісты заклікаюць палякаў збіраць дажджавую ваду

27.06.2021 13:36
Збор вады з ападкаў у Польшчы застаецца на нізкім узроўні ў параўнанні з іншымі краінамі ЕС.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by jplenio from Pixabay/CC0

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага агенцтва «Польскія водныя рэсурсы» Сэргіюш Керузель заявіў, што колькасць экстрэмальных кліматычных з'яў у Польшчы павялічваецца, што спрыяе больш частаму фарміраванню засухі. Зборы талай ды дажджавой вады ў Польшчы па-ранейшаму на нізкім узроўні каля 7 працэнтаў, што значна адстае ад сярэдняга паказніка па ЕС - 20 працэнтаў. Еўрапейскі лідар Іспанія дасягнула паказніка ў 45% збораў ападкаў.

Чыноўнік падкрэсліў у эфіры Польскага радыё, што адказная палітыка ў галіне вады можа развіцца дзякуючы інвестыцыям, якія ажыццяўляюцца «Польскімі воднымі рэсурсамі».

- Цяпер наша ўстанова рэалізуе інвестыцыйныя праекты на суму больш за 20 мільярдаў злотых на тэрыторыі ўсёй краіны. Сёлета аддадзім у карыстанне інфраструктуру на суму больш за 2,5 мільярды злотых. У першую чаргу мы інвесціруем у бяспеку, гэта значыць у валы ды вадазборы на выпадак паводак. Апроч таго мы разбіраем непатрэбныя запруды ды грэблі, каб рэкі пачалі натуральна разлівацца, што спрыяе яшчэ і біяразнастайнасці.

Прэсавы сакратар сказаў, што засуха таксама ёсць вынікам занядбання апошніх 30 гадоў у аграрнай палітыцы папярэдняй сістэмы. Цяперашнія ўлады заахвочваюць людзей збіраць ваду, а гарадскія адміністрацыі захоўваць зялёныя насаджэнні, лугі ў гарадах, якія ўтрымліваюць ваду натуральным шляхам.

ПР/юл