Беларуская Служба

Анджэй Дуда ў ходзе візіту ў Токіа сустрэнецца з імператарам Японіі і прэзідэнтам Францыі

22.07.2021 13:45
Прэзідэнт Польшчы прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця алімпійскіх гульняў, у якіх за медалі будуць змагацца 211 польскіх спартоўцаў.
Анджэй ДудаPAP/Jakub Szymczuk/KPRP

Заўтра, 23 ліпеня, прэзідэнт Польшчы прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця алімпійскіх гульняў, у якіх за медалі будуць змагацца 211 польскіх спартоўцаў.

Кіраўнік польскай дзяржавы Анджэй Дуда падчас свайго візіту ў Токіа сустрэнецца з імператарам і прэм'ер-міністрам Японіі, а таксама прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Паводле прэс-сакратара польскага прэзідэнта Блажэя Спыхальскага, «гэты візіт у цэлым змяшчае вельмі важны палітычны элемент, які сведчыць пра маштаб польска-японскага супрацоўніцтва, у якім вельмі зацікаўлены прэзідэнт Польшчы».

Анджэй Дуда прабудзе ў Японіі да нядзелі, 25 ліпеня. Сёння ён сустрэўся з прадстаўнікамі Цэнтра грамадскай дапамогі «Фукудзенкай», які ў 1920 годзе аказваў дапамогу польскім дзецям, сасланым у Сібір.

Пазней Анджэй Дуда ўручыць узнагароды супрацоўнікам амбасады Польшчы ў Токіа. Цырымонію ўзнагароджання будзе суправаджаць выстава, прысвечаная амбасадару Рэспублікі Польшча ў Японіі Тадэвушу Ромеру і яўрэйскім бежанцам на Далёкім Усходзе.

ав