Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў рашэнне аб запуску польскага ваеннага кантынгента ў рамках аперацыі НАТА ў Ісландыі, паведаміў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солях. Польшча накіруе на місію air policing чатыры знішчальнікі F-16 і да 140 чалавек персаналу.
«З 5 жніўня гэтага года Польшча далучаецца да групы дзесяці краін Паўночнаатлантычнага альянсу, якія адказваюць за ахову паветранай прасторы НАТА ў рэгіёне Ісландыі, а таксама аказанне дапамогі авіяцыі ў надзвычайных сітуацыях і магчымую абарону насельніцтва ад авіяналётаў», – сказаў кіраўнік прэзідэнцкага Бюро нацыянальнай бяспекі. Ён нагадаў, што Ісландыя, якая зʼяўляецца членам НАТА, не мае ўласных ВПС.
Місія па ахове паветранай прасторы над Ісландыяй пачалася ў 2008 годзе. Яна зводзіцца да перыядычнай прысутнасці самалётаў НАТА і іх камандаў у базе Кефлавік.
PAP/аз