Беларуская Служба

Каталікі адзначаюць свята Маці Божай Зельнай

15.08.2021 09:01
У гэты дзень у касцёлах асвячаюць букеты кветак, збажыны і зёлак.
     .
Каталікі адзначаюць свята Маці Божай Зельнай.PAP/Waldemar Deska

Сёння ў Каталіцкім касцёле адзначаецца свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Польшчы асноўныя ўрачыстасці традыцыйна адбываюцца ў кляштары на Яснай Гары ў Чэнстахове на поўдні Польшчы. У іх прымуць удзел тысячы паломнікаў, якія цягам апошніх дзён прыбывалі ў санктуарый.

Сёлетняя ўрачыстасць пройдзе ў духу навучання двух вялікіх палякаў: святога Яна Паўла ІІ і кардынала Стэфана Вышынскага, кажа айцец Самуэль Пахольскі(Samuel Pacholski):

-Сёлета мы будзем удзельнічаць у гэтай урачыстасці, думаючы пра беатыфікацыю кардынала Стэфана Вышыньскага, якая адбудзецца неўзабаве, а таксама пра 30-годдзе VІ Сусветных дзён моладзі, якія адбыліся тут у 1991 годзе. Гэта была вялікая падзея. Упершыню ў Чэнстахову на ўрачыстасці магла прыбыць моладзь з Усходняй Еўропы. Нагадваю, што менавіта тады тагачасны Папа рымскі Ян Павел ІІ сказаў, што ўрэшце Еўропа можа дыхаць двума лёгкімі. Такім чынам ён падкрэсліў сваё жаданне, каб Еўропа аб’ядналася.

Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое інакш называюць таксама Маці Божай Зельнай – адно з найважнейшых марыйных святаў у каталікоў. Гэтая назва функцыянуе ў касцёле з V стагоддзя.

У Польшчы, а таксама некаторых еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Маці Божая лічыцца апякункай зямлі і ўраджаю. У гэты дзень у касцёлах асвячаюць букеты кветак, збажыны і зёлак.

IAR/аз