На польска-беларускім памежжы пад Мастаўлянамі (на радзіме Кастуся Каліноўскага) адбыўся летнік для беларусаў «Вольныя людзі». У інтэграцыйнай сустрэчы прынялі ўдзел больш за 30 чалавек з Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць радзіму і затрымаліся ў розных польскіх гарадах.
«Калі мы рыхтавалі летнік, моцную ўвагу мы звярнулі на блок дыскусіяў і лекцыяў па беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», – сказаў нам арганізатар летніка кіраўнік «Беларускага дому ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк.
- Мы бачым, што ў гэтым сярод беларусаў, якія былі вымушаны ўцякаць ад палітычнага пераследу, ёсць вялікі прабел і ў гістарычных пытаннях і ў пытаннях мовы, культуры, традыцыі. Большасць удзельнікаў слаба размаўляе па-беларуску і таму гэты блок у нас асноўны. Але таксама дыскусіі прысвечаны пытанням дыяспары, праблемам эміграцыі, і г.д.
Лектарамі запрошаныя больш за 10 спецыялістаў, сярод іх прафесар Алег Латышонак, эканаміст Віктар Буры, гісторык Вольга Сямашка, прадстаўнік С.Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.
Беларусы сустрэліся таксама з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і беларускімі медыя, якія працуюць на Беласточчыне.
Удзельнікі летніка «Вольныя людзі» наведалі вядомыя і адметныя мясціны каля польска-беларускай мяжы.
Зарэмбюк нагадаў, на колькі адрозная сітуацыя беларускай меншасці ў Польшчы і польскай у Беларусі. Сведчаннем з'яўляецца тое, што пасля арышту Анжалікі Борыс і Андрэя Пачобута ў Беларусі, Прэзідэнт Польшчы запрасіў да сябе ў Прэзідэнцкі палац прадстаўнікоў беларускай меншасці ў Польшчы.
Удзельнікі летніка сустрэліся таксама з лідарамі беларускай меншасці ў Польшчы.
Алесь Зарэмбюк спадзяецца, што сярод удзельнікаў летніка «Вольныя людзі»магчымыя будучыя лідары беларускай дыяспары ў Польшчы.
У летніку «Вольныя людзі», які закончыўся ў нядзелю, былі беларусы, якія падалі заяўку на міжнародную абарону ў Польшчы.
Яланта Смялоўская