Беларуская Служба

У Беластоку нагадаюць пра складаную сітуацыю палякаў у Беларусі

25.08.2021 16:32
Мастацкая інсталяцыя, прысвечаная гэтай тэме, з'явіцца ў цэнтры горада.
a
Анжалікa БорысФото: znadniemna.pl

Увечары ў Беластоку будзе адкрытая мастацкая інсталяцыя, прысвечаная складанай сітуацыі палякаў у Беларусі. Яе ініцыятар – мясцовае аддзяленне аб’яднання «Wspólnota Polska». Цягам бліжэйшых тыдняў жыхары і турысты змогуць паглядзець яе непадалёк палаца Браніцкіх ля помніка ксяндзу Ежы Папялушку.

Член аб’яднання «Wspólnota Polska» і журналіст Ян Роман падкрэслівае, што галоўная мэта інсталяцыі – даць шырокую інфармацыю аб цяжкім становішчы палякаў у Беларусі, у прыватнасці аб арыштаваных членах кіраўніцтва Саюза палякаў у Беларусі:

-У цэнтры горада будуць усталяваныя чатыры дошкі буйных памераў з фатаграфіямі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута – дзеячаў СПБ. Такім чынам мы нагадаем жыхаром Беластоку і турыстам, што ў Беларусі палякі пераследуюцца. Інсталяцыя застанецца ў горадзе, як мінімум, два месяцы.

Ян Роман дадае, што палякаў у Беларусі рэгулярна закранаюць рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта тычыцца, напрыклад, мерапрыемстваў на могілках з нагоды святаў і юбілеяў і ўскладненага доступу да адукацыі на польскай мове:

-Там пастаянна праходзяць арышты, затрыманні, суды. Пагаршаецца сітуацыя з правамі чалавека. Улады перакрываюць незалежныя арганізацыі. Учора Лукашэнка заявіў, што той хто вучыцца за мяжой, за мяжой застаецца – без права вяртацца ў Беларусь. Тым часам магчымасцю вучобы ў Польшчы ахвотна карысталася польская моладзь з Беларусі.

Адкрыццё інсталяцыі ў Беластоку запланаванае ў 19.00, паводле польскага часу.

IAR/аз