Беларуская Служба

Польскае МЗС нагадала, што Беларусь з’яўляецца падпісантам Жэнеўскай канвенцыі аб статусе бежанца

26.08.2021 14:23
Мігранты, якія знаходзяцца ля польска-беларускай мяжы, застаюцца пад апекай беларускіх уладаў, кажа віцэ-міністр Пётр Ваўжык.
Piotr Wawrzyk
Piotr WawrzykPR24 / Robert Bartosewicz

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык(Piotr Wawrzyk) паведаміў, што мігранты, якія знаходзяцца ля польска-беларускай мяжы, застаюцца пад апекай беларускіх уладаў. Госць Польскага радыё 24 нагадаў, што Беларусь з'яўляецца падпісантам Жэнеўскай канвенцыі, якая рэгулюе палажэнні аб статусе бежанца:

- Права на абарону маюць асобы, якія прыбываюць у краіну-падпісанта канвенцыі непасрэдна з краіны, у якой ім пагражаюць рэпрэсіі. У Беларусі рэпрэсіі мігрантам не пагражаюць. Нагадваю, Беларусь з’яўляецца падпісантам Жэнеўскай канвенцыі аб статусе бежанца, таму мігранты павінны падаваць заявы з просбай аб міжнароднай абароне ў Мінск, гэта па-першае. Па-другое, улады Беларусі абавязаныя разгледзець гэтыя заявы, паколькі мігранты знаходзяцца на іх тэрыторыі. Па-трэцяе, у Мінску дзейнічае Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, якое павінна аказаць ціск на беларускія ўлады па гэтай справе.

Паводле звестак польскай Памежнай службы, у цяперашні час у ваколіцах вёскі Уснаж Гурны на Падляшшы, з беларускага боку, знаходзіцца каля 20 мігрантаў.

З пачатку жніўня каля трох тысяч чалавек спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу паміж Польшчай і Беларуссю. Памежная служба прадухіліла такія спробы ў выпадку больш за 1 300 чалавек, а каля 750 нелегалаў былі затрыманыя і змешчаны ў закрытых цэнтрах для бежанцаў.

IAR/аз