Беларуская Служба

Сёлета палякі будуць калектыўна чытаць камедыю Габрыелі Запольскай

29.08.2021 12:34
Сёлетняе «Нацыянальнае чытанне» пройдзе 4 верасня ў некалькіх сотнях месцаў па ўсёй Польшчы, а таксама ў 23 краінах свету.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.congerdesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Войцех Калярскі з Канцылярыі прэзідэнта сказаў, што галоўная мэта акцыі «Нацыянальнае чытанне» – папулярызацыя чытання і польскай культуры. Грамадская кампанія, арганізаваная прэзідэнтам Польшчы, таксама паказвае новае вымярэнне польскай літаратуры і нагадвае пра польскія літаратурныя шэдэўры.

У гэтым годзе падчас дзясятага «Нацыянальнага чытання» прэзідэнцкая пара і тысячы палякаў у краіне і за яе межамі будуць чытаць грамадзка-сатырычную камедыю Габрыелі Запольскай « Маральнасьць пані Дульскай».
Войцех Калярскі(Wojciech Kolarski) нагадаў, што афіцыйная частка акцыі запланаваная ў Саксонскім парку ў Варшаве:

- Іншы аспект акцыі, гэта магчымасць сустрэцца ў тысячах месцаў у Польшчы і за яе межамі, разам пачытаць і адчуваць сябе часткай вялікай супольнасці чытачоў.

«Нацыянальныя чытанне» пройдзе 4 верасня ў некалькіх сотнях месцаў па ўсёй Польшчы, а таксама ў 23 краінах свету. У акцыі прымуць удзел, між іншым, арганізацыі, установы і групы па ўсёй краіне, а таксама асацыяцыі польскай дыяспары і дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой.

Штогадовая акцыя «Нацыянальнае чытанне» арганізоўваецца прэзідэнтам Польшчы з 2012 года. Яна пачалася чытаннем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У 2013 годзе ўдзельнікі акцыі чыталі творы Аляксандра Фрэдры, а ў наступных гадах: «Трылогію» Генрыка Сянкевіча, «Ляльку» Баляслава Пруса, «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча, «Вяселле» Станіслава Выспяньскага, «Прадвесне» Стэфана Жаромскага, «Польскія навелы» а летась «Баладыну» Юльюша Славацкага.

IAR/аз