Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы звярнуўся да беларусаў на іх роднай мове

31.08.2021 15:15
З нагоды 41-й гадавіны Жнівеньскіх пагадненняў Анджэй Дуда заявіў, што Польшча не спыніць падтрымліваць беларусаў.
Прэзідэнт Анджэй ДудаPAP/Radek Pietruszka

Польшча будзе працягваць падтрымліваць беларусаў, заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда. З нагоды 41-й гадавіны Жнівеньскіх пагадненняў кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў, што «салідарнасць стала не толькі сімвалам, але і вызначальнікам польскай палітыкі, словам-ключом», асабліва ў адносінах да жыхароў Беларусі. Зварот на польскай і беларускай мовах, апублікаваў на сваім сайце тэлеканал «Белсат».


«У гэтыя дні мы думаем не толькі пра тых, хто тады доўга змагаўся з рэжымам, але таксама пра ўсіх ва ўсім свеце, якія зараз змагаюцца за сваю свабоду і элементарныя правы чалавека. Сёння гэтая барацьба датычыць нашых суседзяў, беларусаў» – сказаў Анджэй Дуда. Ён дадаў, што Польшча надалей будзе іх падтрымліваць:

- Мы ніколі не перастанем вас падтрымліваць, як падтрымліваем палітвязняў у Беларусі, незалежна ад іх веравызнання, перакананняў і нацыянальнасці.

Прэзідэнт падкрэсліў, што «суверэнная Беларусь у непарушных межах з'яўляецца адным з важных фактараў умацавання бяспекі і стабільнага развіцця Польшчы і іншых краін у нашай частцы Еўропы». « Квітнеючая будучыня Беларусі вельмі важная таксама для нас, палякаў», – дадаў Анджэй Дуда.

IAR/аз