Беларуская Служба

Віцэ-міністр МУС: У жніўні было 3,5 тыс спробаў нелегальнага перасячэння мяжы

06.09.2021 09:07
Цяпер сітуацыя нармалізуецца, удалося ўзяць яе пад кантроль.
-
Віцэ-міністр МУС Мацей Вонсікфота: МУС

Пасля ўвядзення надзвычайнага становішча ў памежнай зоне сітуацыя нармалізуецца, удалося ўзяць яе пад кантроль, хаця Лукашэнка надалей правярае яе герметычнасць, – заявіў у эфіры Польскага радыё намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік (Maciej Wąsik). Ён паведаміў, што да 20 гадзіны польскага часу ў нядзелю пагранічнікі зафіксавалі 160 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы.

- Гэтая праверка мяжы Аляксандрам Лукашэнкам усё яшчэ працягваецца. Адпаведныя службы ў Польшчы паступаюць правільна, дзякуючы ўвядзенню на абмежаваным адрэзку ўздоўж мяжы надзвычайнага становішча яны могуць дзейнічаць больш свабодна. Маім меркаваннем, сітуацыя пад кантролем.

Нагадаем, у памежнай зоне каля мяжы з Беларуссю ўведзена надзвычайнае становішча на перыяд 30 дзён. У жніўні было зафіксавана 3,5 тыс. спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. Былі затрыманыя амаль 1 тыс. мігрантаў. Летась у аналагічным перыядзе такіх інцыдэнтаў не было агулам.

Памежная служба паведамляе, што ў мясцовасці Уснаж Гурны па-ранейшаму знаходзіцца група мігрантаў, якія хочуць патрапіць у Польшчу. На думку ўраду, як наяўнасць гэтай групы, так і хваля спробаў перасячэння мяжы з'яўляюцца элементамі арганізаванай акцыі беларускіх і расійскіх службаў, накіраванай на дэстабілізацыю міграцыйнай сітуацыі ў Польшчы і Еўрасаюзе.

Каб спыніць спробы нелегальнай міграцыі ў Еўрапейскі Саюз, урад Латвіі абвясціў надзвычайнае становішча ў памежных з Беларуссю рэгіёнах. Надзвычайнае становішча таксама дзейнічае ў Літве.

IAR/нг