Былы польскі міністр па пытаннях гуманітарнай дапамогі Бэата Кэмпа(Beata Kempa) мяркуе, што прызнанне ўлады талібаў у Афганістане павінна быць узалежненае ад допуску ў краіну міжнародных арганізацый. Талібы захапілі ўладу ў Афганістане ў жніўні пасля вываду з краіны замежных сіл, у асноўным амерыканцаў.
Еўрадэпутат ад польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» лічыць, што міжнародныя арганізацыі павінны, між іншым, праверыць, як у Афганістане паважаюцца правы чалавека:
- Калі гаворка ідзе пра нейкую форму прызнання ўлады талібаў у Афганістане, то яны павінны спачатку пусціць на тэрыторыю краіны прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку гуманітарных, якія дапамаглі б афганцам у складанай сітуацыі. Наступная справа, гэта праверка стаўлення талібаў да тых грамадзян, якія супрацоўнічалі з амерыканцамі і іх хаўруснікамі.
Паводле Бэаты Кэмпы, гэта задача для дыпламатыі такіх сусветных дзяржаў, як ЗША, але і Еўрапейскага Саюза.
IAR/аз