Украінская служба Польскага радыё фактычна мае той жа ўзрост, што і незалежнасць Украіны ў найноўшай гісторыі. Гэта даволі сімвалічна. Трыццаць год журналісты Украінскай службы расказваюць навіны пра падзеі ў свеце.
Размаўляем пра сімвалізм датаў з кіраўніком Украінскай службы Антонам Марчынскім:
– Украінская служба Польскага радыё з’явілася 30 год таму, недзе праз тыдзень пасля абвяшчэння незалежнасці пачала выходзіць у эфір Украінская рэдакцыя Польскага радыё. Гэта важная падзе, бо гэта паказвае, як тое, што адбывалася ва Украіне, звязана з нашай рэдакцыяй. Праз пару месяцаў пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны Польшча прызнала гэты факт. І тое, што Польскае радыё, галоўны радыёвяшчальнік Польшчы прыняў яшчэ раней рашэнне пра стварэнне нашай рэдакцыі, пацвярджае асаблівую ўвагу да падзей ва Украіне.
Антон Марчынскі расказвае, што рэдакцыя заўсёды сочыць за актуальнымі падзеямі ва Украіне, безумоўна, гэта тычыцца і пратэстаў, вайны на Усходзе краіны, акупацыі тэрыторыі ў 2014 годзе.
Журналістка Украінскай службы Польскага радыё Мар’яна Крыль — увасабленне ідэі пра тое, што мары збываюцца. 15 год таму, у 2004-ым Мар’яна працавала на адной з тэрнопальскіх радыёстанцый, па вечарох слухала эфіры Украінскай службы Польскага радыё, так адкрывала для сябе іншыя погляды, Украіну з іншага ракурсу, ды Польшчу.
Цяпер Мар’яна працуе ва Украінскай службе, вядзе аўтарскую перадачу «Вытокі» – пра культуру і этнаграфію Польшчы.
— Кожны чацвер я вяду аўтарскую рубрыку «Вытокі». Гэта супольная праца з радыёнтрам народнай культуры, дзе я таксама працую. Мне падалося несправядлівым, што ў Польшчы так шмат людзей цікавяцца ўкраінскай традыцыйнай культурай. Я сама асабіста вывучыла тут шмат украінскіх песень, пазнаёмілася з многімі людзьмі з асяродку ўкраінскіх фалькларыстаў. Але ва Украіне не цікавяцца традыцыйнай культурай найбліжэйшага заходняга суседа – Польшчы. Але гэты фальклорны рух тут моцна развіты. Назіраючы за праграмамі Польскага радыё, за фестывалямі я прыйшла да высновы, што трэба інфармаваць украінскіх слухачоў пра гэтую сферу, бо ёсць і фестывалі, і народныя святы, і майстры народных інструментаў, вышывальшчыцы і гэтак далей. І для мяне вельмі важна, каб слухачы даведваліся пра традыцыі, якія сапраўды яшчэ жывыя ў Польшчы.
Украінская рэдакцыя мае пастаянных слухачоў. Адзін з іх — Сяргей Бадзік з Львова. Ён распавядае, што, дзякуючы радыё, медыя, вывучыў і польскую мову:
— Пачаў слухаць на пачатку 1970-ых, у таты быў прыёмнік, у Польшчы была моцная антэна, якая перадавала эфір. Я быў у пачатковай школе яшчэ ці, можа, нават дашкольнікам.
Аднойчы калега-радыйшчыца распавяла пра вобраз радыё. Радыё — гэта кот на мяккіх лапах, які заходзіць у пакой, дзе знаходзіцца чалавек і дапамагае яму не пачувацца самотным.
Не пачувайцеся самотнымі, слухайце матэрыялы Украінскай і Беларускай рэдакцый Польскага радыё, у тым ліку ў інтэрнэце.
ВХ