Польскія і міжнародныя дакументальныя і мастацкія кінафільмы, радыёрэпартажы і музычныя кліпы можна ўбачыць і паслухаць падчас XIII кінафестывалю NNW «Niepokorni Niezłomni Wyklęci» – «Непакорлівыя, нязломныя, выклятыя» у Гдыні. Гледачы могуць убачыць больш за 90 пастановак. Мерапрыемства суправаджаецца сустрэчамі з рэжысёрамі і героямі стужак.
Пастаноўкі фестывалю распавядаюць пра гісторыю барацьбы народаў за свабоду. У першы дзень мерапрыемства, у прыватнасці, дэманструюцца фільмы, якія ўдзельнічаюць у міжнароднай дакументальнай катэгорыі. Сярод іх «Скарб Герды» рэжысёра Якуба Вітэка.
Фільм распавядае пра Войцеха, які даведаўся на пахаванні бабулі, што перад тым, як эміграваць з Германіі ў ЗША, яна магла нарадзіць дзіця, сляды якога згубіліся падчас вайны. Праз гады ён пачынае даследаваць лёс сям'і, спрабуючы адкрыць яе сакрэты.
Якуб Вітэк кажа, што гэтая гісторыя паказвае, наколькі важная асоба кожнага з нас. «Гэтая сустрэча з сямʼёй цалкам змяніла пана Войцеха», – дадае ён.
Фестываль «Niepokorni Niezłomni Wyklęci» таксама ўключае ў сябе мастацкія мерапрыемствы: канцэрты, спектаклі на адкрытым паветры, тэатральныя прадстаўленні, вернісажы і выставы. Медыя-суправаджэнне фестывалю ажыццяўляе Польскае радыё.
нг