Афіцыйны прадстаўнік пагранічнай службы падпаручнік (лейтэнант) Анна Міхальска паведаміла, што з пачатку месяца за дапамогу ў незаконным перасячэнні беларуска-польскай мяжы ў Польшчы былі затрыманыя 39 чалавек. Апошнім часам памежная служба назірае за ростам жорсткасці людзей, якія спрабуюць дапамагчы нелегальным мігрантам.
Міхальска сказала, што ўчора адбыўся небяспечны інцыдэнт пры спробе затрымаць грамадзяніна Іраку.
- Гэты чалавек не хацеў затрымацца на праверку, спрабаваў праехаць сілаю. На дадзены момант вядзецца следства, яму могуць быць прадстаўленыя абвінавачанні ў нападзенні на супрацоўнікаў памежнай службы. Чарговым такім здарэннем было затрыманне двух грамадзян Польшчы. Адзін з мужчын вёў машыну, у якой ехалі нелегальныя мігранты – мужчыны з Іраку. Яны былі пад уздзеяннем амфетаміну і метамфетаміну.
Анна Міхальска дадала, што цяпер у цэнтрах пагранічнай службы знаходзіцца больш за 1500 нелегальных мігрантаў. Ёсць яшчэ некалькі соцень свабодных месцаў, а пры неабходнасці можна ствараць новыя цэнтры. 44 працэнты мігрантаў папрасілі прытулку ў Польшчы, астатнія адмовіліся.
За апошнія 24 гадзіны было 483 спробы нелегальнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі. Усяго з пачатку года пагранічная служба пацвердзіла больш за 14 тысяч такіх спробаў.
IAR PR/нг