Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк(Przemysław Czarnek) павіншаваў настаўнікаў з іх святам, то бок Днём нацыянальнай адукацыі. Ён нагадаў, што Мінадукацыі плануе павялічыць зарплату настаўнікаў на 36%. Адначасова Пшэмыслаў Чарнэк запэўніў, што за гэтыя грошы настаўнікам не давядзецца працаваць больш, чым цяперашнія 40 гадзінаў у тыдзень:
-Мы мяняем сістэму працы настаўнікаў. Скарачаем некалькі гадзінаў, якія яны прысвячаюць на «бюракратыю» і прызначаем іх на непасрэдны кантакт з вучнем. Адначасова мы павышаем зарплаты на 1 400 злотых з улікам падаткаў і збораў (гэта больш за 305,5 еўра), то бок на 36%.
Міністэрства адукацыі хоча, каб новая сістэма працы настаўнікаў уступіла ў сілу ў верасні, то бок з новага навучальнага года. Супраць гэтых зменаў выступаюць прафсаюзы настаўнікаў, якія асцерагаюцца, што з павелічэннем заробкаў павялічыцца і час працы настаўнікаў.
IAR/аз