Беларуская Служба

Міграцыйны крызіс: Польшча хоча будаваць плот, Беларусь прыпыняе пагадненне аб рэадмісіі з ЕС

14.10.2021 15:42
Польскі ўрад прыняў законапраект аб будаўніцтве капітальнага плота з сучаснымі сістэмамі кантролю і назірання на мяжы з Беларуссю.
Аўдыё
Migranci na granicy polsko-białoruskiej
Migranci na granicy polsko-białoruskiejForum/Michal Kosc

Польскі ўрад прыняў законапраект аб будаўніцтве капітальнага плота з сучаснымі сістэмамі кантролю і назірання на мяжы з Беларуссю на фоне міграцыйнага крызісу. Праект закона цяпер паступіць у парламент.

Па папярэдніх дадзеных, будаўніцтва капітальнага плота абыдзецца ў суму каля 350 млн еўра (1,615 мільярда злотых).

Павел Муха (Paweł Mucha), сацыяльны дарадца прэзідэнта, у эфіры Польскага радыё заявіў, што гэта збудаванне мусіць быць эфектыўным у барацьбе з нелегальнай міграцыяй.

– Мы павінны забяспечыць герметычнасць польскай мяжы, якая ёсць і мяжою Еўрапейскага саюзу. Мы ведаем, што ціск велізарны, калі гаворка ідзе аб пытанні незаконных спробаў перасячэння мяжы. Гэтыя дадзеныя пастаянна прадстаўляюцца нам Міністэрствам унутраных спраў і памежнай аховай. Мы знаходзімся ў перыядзе надзвычайнага становішча, але мы ведаем, што ў будучыні мы павінны сказаць, што зрабілі ўсё магчымае, каб закрыць мяжу. Пастаянны бар'ер з належным кантролем з выкарыстаннем тэхналогій – гэта абсалютная неабходнасць. Гэта важная інвестыцыя, якая будзе рэалізавана. Я разлічваю на адказнае стаўленне Сената.

Аднак ёсць і праціўнікі гэтай ідэі. Дэпутат Кааліцыі грамадскай (Koalicja Obywatelska) Павел Коваль (Paweł Kowal) кажа, што гэта будзе бескантрольная трата вялікіх грошай, а Польшча не настолькі багатая краіна, каб такое сабе дазволіць.

- Я павінен галасаваць супраць гэтага законапраекта, на жаль. Учора мы ўвесь дзень аналізавалі яго, і ўсё паказвае, што гэта аналагічны акт, калі ўрад купіў рэспіратары падчас пандэміі. Мы не атрымалі ніякай інфармацыі аб тым, што трэба будаваць, на якой падставе, як будзе выдаткавана два мільярды злотых. З наша пункту гледзішча гэта выглядае ілюстрацыяй таго, як выдаткаваць вялікія грошы і нічога не зрабіць.

На гэтым тыдні член Еўрапейскай камісіі па ўнутраных справах Ільва Ёхансан, выступаючы ў Еўрапарламенце заявіла, што ЕС падтрымлівае намаганні Польшчы і, у сваю чаргу, праводзіць кансультацыі з рознымі дзяржавамі, каб перакрыць плынь нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЕС праз Беларусь.

У жніўні мяжу з Польшчай спрабавалі перасекчы каля трох тысяч мігрантаў, з пачатку верасня такіх спробаў зафіксавана больш за 18 тысяч. Другога верасня з-за наплыву мігрантаў улады Польшчы ўвялі надзвычайнае становішча.

Плынь мігрантаў, у асноўным з Ірака і іншых краін Блізкага Ўсходу, якія перабіраюцца ў ЕС праз Беларусь, рэзка вырасла летам 2021 года. Памежнікі Латвіі, Літвы і Польшчы лічаць, што да гэтага датычныя ўлады Беларусі, якія выступаюць пасярэднікамі і за грошы дастаўляюць мігрантаў у Мінск, а затым прывозяць іх на мяжу.

Наяўнасць у Беларусі вялікай колькасці нелегальных мігрантаў турбуе і жыхароў краіны, бо паўстаюць пытанні бяспекі.

У канцы жніўня Еўрапейскі суд па правах чалавека запатрабаваў ад Польшчы і Латвіі аказаць дапамогу мігрантам: ежай, вадой, адзеннем, належнай медыцынскай дапамогай і, калі магчыма, часовым жыллём. З надыходам халадоў сітуацыя на мяжы сапраўды крытычная – людзі тыднямі жывуць пад адкрытым небам, сярод іх шмат дзяцей. Паколькі на прылеглых да мяжы тэрыторыях дзейнічае надзвычайнае становішча, туды не могуць патрапіць журналісты, валанцёры.

Учора стала вядома, што грамадзяне Сірыі, Егіпта, Афганістана, Пакістана, Йемена, Ірана і Нігерыі больш не змогуць атрымаць візы ў мінскім аэрапорце, як гэта было раней. Эксперты мяркуюць, што гэта можа быць невялікім крокам назад з боку ўладаў Беларусі.

Разам з тым пачаў дзейнічаць закон аб прыпыненні пагаднення Беларусі з ЕС «аб рэадмісіі асобаў, якія знаходзяцца без дазволу». Гэтае пагадненне рэгулявала парадак вяртання, перадачы і высылкі з Еўрасаюза парушальнікаў мяжы. Было заяўлена, што гэта адказ на санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі.

вх