Беларуская Служба

«Крызіс на польска-беларускай мяжы можа працягвацца даўжэйшы час»

16.10.2021 15:31
Для яго вырашэння шляхам ціску з боку міжнароднай супольнасці спатрэбіцца больш часу, лічыць кіраўнік Бюро нацбяспекі Польшчы.
      .
Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павел Солёх.Foto: PR3

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павел Солёх (Paweł Soloch) лічыць, што крызіс на польска-беларускай мяжы можа працягвацца даўжэй, чым некалькі месяцаў.

Нагадваем, пазаўчора Сейм Польшчы прыняў спецыяльны закон аб будаўніцтве плота на мяжы з Беларуссю, які павінен паскорыць адміністрацыйны працэс, звязаны з рэалізацыяй інвестыцыі. Паводле закона, агароджа будзе мець характар пастаяннага плота, абсталяванага сучаснай сістэмай маніторынгу.

Павел Солёх нагадаў, што будаўніцтва агароджы – гэта адказ на агрэсію з боку Беларусі:

-Мы прадугледжваем, што крызіс будзе працягвацца даўжэйшы час, таму і ідэя будаўніцтва плота на мяжы. Трэба выразна сказаць, што зараз на польска-беларускай мяжы мы маем справу з агрэсіяй суседняй дзяржавы, якую падтрымлівае Расія. Сітуацыя на мяжы небяспечная.

Павел Солёх адзначыў, што для вырашэння канфлікту шляхам палітычнага ціску на беларускія ўлады з боку міжнароднай супольнасці спатрэбіцца больш часу:

-Найважнейшая супольная пазіцыя, як у рамках НАТА, так і Еўрасаюза. Пасля досведу міграцыйнага крызісу з 2015 году, на гэта ёсць рэальны шанец. На мяжы з Беларуссю мы маем справу з дадатковымі паказчыкамі. Гэта міграцыйны ціск і спроба ўкаранення новага міграцыйнага каналу, а таксама заангажаванне ў гэтыя дзеянні ўладаў Беларусі.

Паводле закона агульны кошт плота на мяжы з Беларуссю складзе каля 1 мільярда 615 мільёнаў злотых (больш за 361 тысячу еўра).

IAR/аз