Дакументальны фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы пра жыццё падчас і пасля жніўня 2020 году ў Беларусі перамог у дакументальнай намінацыі на 37-ым Варшаўскім кінафэстывалі.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая працуе на фэстывалі ў складзе міжнароднага журы кінапрэсы.
Фільм «Калі кветкі не маўчаць» прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. Праз іх лёс рэжысёр паказвае боль і надзею, страх і рашучасць гэтых людзей. У цэнтры сюжэту – беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасці з кветкамі. Так і нарадзілася назва фільму – «Калі кветкі не маўчаць».
«Пачуцці змешаныя. З аднаго боку гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а з іншага – гэты боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б свята, але яго няма, – пракаментаваў «Белсату» сваю перамогу Андрэй Куціла. – Цешуся таму, што гэта ўзнагарода дае больш увагі да фільму, і ён будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам увага будзе да тэматыкі. То бок павестка будзе трымацца на іншых фестывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуванні як аўтара, рэжысёра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усвядоміць у дадзены момант».
37-ы Варшаўскі кінафестываль доўжыцца з 8 па 17 кастрычніка.
Андрэй Куціла – рэжысёр-дакументаліст, пераможца шматлікіх міжнародных фестываляў. Аўтар такіх фільмаў, як «Стрыптыз і вайна», «Цар гары», «Мне трэба поціскаў», «Summa» і інш.
эж