Беларуская Служба

Польшча стварае Нацыянальны харчовы холдынг

30.10.2021 11:23
Задача новай структуры палягае на тым, каб палепшыць сітуацыю вытворцаў прадуктаў харчавання на рынку.
Ілюстрацыйны здымакImage by M. Maggs from Pixabay/CC0

Нацыянальны харчовы холдынг павінен быць створаны на працягу шасці месяцаў, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі Генрык Кавальчык. Стварэнне новай структуры павінна ісці больш эфектыўна дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам дзяржаўных актываў. Апошняе будзе кантраляваць кампаніі, якія ўваходзяць у холдынг.

Парламент працуе цяпер над адпаведным законапраектам. Галоўнай апорай холдынгу стане Дзяржаўнае цукровае таварыства, а таксама насенняводчыя і раслінаводчыя кампаніі, акцыянерамі якіх зʼяўляецца Дзяржаўная казна.

Стварэнне новага субʼекта павінна палепшыць становішча вытворцаў прадуктаў харчавання ў адносінах з іншымі субʼектамі рынку, – зазначаюць чыноўнікі.

Гэта складаная задача, таму што ў вытворцаў няма ўласнай перапрацоўкі. Таму перапрацоўшчыкі выкарыстоўваюць сваю пазіцыю, дыктуюць закупачныя цэны ніжэй за рэнтабельнасць. Стварэнне холдынгу можа супрацьстаяць такой практыцы, – кажуць у міністэрстве.

Вытворцы яблыкаў, сезоннай садавіны і агародніны скардзяцца на складаныя адносіны з пасрэднікамі і гандлем. «Супрацоўніцтва ў рамках холдынгу можа паўплываць на прапанаваныя закупачныя цэны – як на свежыя культуры, так і для перапрацоўкі. Больш за тое, гэта можа абмежаваць імпарт», – кажа кіраўнік Польскага бульбянога аб'яднання Войцех Навацкі.

«У апошнія гады імпарт бульбы сапраўды значны вырас, а часам і неапраўдана. Сёлетні ўраджай колькасна нядрэнны, але па якасці таварны ўраджай складзе каля 70 працэнтаў. Астатняе пойдзе на лікёра-водачныя або біягазавыя заводы. Праблемай бульбяной прамысловасці з'яўляецца слаба развітое складаванне.

Нацыянальны харчовы холдынг таксама павінен аб'ядноўваць суб'екты, звязаныя з малочнай і жывёлагадоўчай галінамі.

ПР/юл