Беларуская Служба

Прэзідэнт унясе ў Сейм законапраект аб міравых суддзях

04.11.2021 10:31
Паводле законапраекта, міравыя суддзі разглядалі б простыя справы і зменшылі б нагрузку на раённыя суды ў Польшчы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Inactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння апоўдні прэзідэнт Анджэй Дуда прадставіць законапраект аб прызначэнні міравых суддзяў і накіруе яго ў Сейм. Працу над згаданым законапраектам з вясны вядзе прызначаная прэзідэнтам каманда пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Крушыньскага.

Прапанова ўвядзення інстытута міравых суддзяў – адна з флагманскіх ідэй руху «Кукіз'15». Анджэй Дуда вырашыў сфармаваць каманду па распрацоўцы законапраекта пасля перамоваў з лідарам руху Паўлам Кукізам.
Дарадца прэзідэнта Павел Муха(Paweł Mucha) сказаў, што гэта комплексная прапанова, якая, безумоўна, паўплывае на функцыянаванне сістэмы правасуддзя ў Польшчы:

- Па-першае – гэта пытанне даверу да правасуддзя. Гэтыя дробныя справы вырашалі б асобы, якія карыстаюцца грамадскім аўтарытэтам і выбраныя мясцовымі жыхарамі. Па-другое, гэта пытанне зацягвання працэсаў. Міравыя суды зменшылі б нагрузку на раённыя суды. Гэта ў сваю чаргу паскорыла б працэсы ў выпадку простых грамадзянскіх і крымінальных спраў.

Праект прадугледжвае, што міравыя суддзі змогуць разглядаць дробныя крымінальныя справы і справы аб правапарушэннях, за якія пагражае максімальны штраф да 10 тысяч злотых і справы, якія не патрабуюць прызначэння экспертаў.

Міравыя суддзі будуць абірацца на ўсеагульным галасаванні тэрмінам на 6 гадоў. Пасля яго завяршэння яны змогуць здаваць судовы, адвакацкі або пракурорскі экзамен без неабходнасці праходжання адпаведнай стажыроўкі.

IAR/аз