Беларуская Служба

Узровень беспрацоўя ў Польшчы на канец кастрычніка склаў 5,5%

05.11.2021 13:09
Год таму ўзровень беспрацоўя ў краіне складаў 6,1%.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneSergey Nivens/ Shutterstock.com

Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі паведаміла, што ўзровень беспрацоўя на канец кастрычніка склаў 5,5%. Гэта азначае зніжэнне на 0,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з папярэднім месяцам.

Агулам у Польшчы зарэгістравана больш за 912 000 беспрацоўных, што на 106 000 менш, чым год таму. Гэта азначае зніжэнне на 10,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Самае нізкае беспрацоўе зафіксавана ў Вялікапольскім ваяводстве – 3,2 працэнта, а самае высокае – у Вармінска-Мазурскім ваяводстве – 8,6 працэнта. У кожным ваяводстве гэты паказчык быў ніжэйшы, чым месяцам раней.

Як падкрэсліваюць у Міністэрстве сямʼі і сацыяльнай палітыкі, добрая сітуацыя на рынку працы ў Польшчы пацвярджаецца і звесткамі Еўрастата. У верасні 2021 года ўзровень беспрацоўя, падлічаны ў адпаведнасці з прынцыпамі, прынятымі Еўрастатам, склаў у Польшчы 3,4% у параўнанні з 6,7% у Еўрасаюзе і 7,4% у зоне еўра.

Год таму ўзровень беспрацоўя ў Польшчы складаў 6,1%.

IAR PR/нг