Прэзідэнт Анджэй Дуда ў панядзелак пачне свой двухдзённы візіт у Славакію. Кіраўнік польскай дзяржавы сустрэнецца, між іншым, з прадстаўнікамі славацкіх уладаў і польскімі прадпрымальнікамі.
Візіт прэзідэнта ў Славакію пачнецца ў панядзелак увечары з сустрэчы ў браціслаўскім гатэлі Radisson Blu Cartlon з польскімі прадпрымальнікамі, якія працуюць у гэтай краіне. У аўторак палітык спачатку сустрэнецца з прэзідэнтам Славакіі Зузанай Чапутавай. Пасля завяршэння сустрэчы лідараў і перамоваў дэлегацый абедзвюх краін, плануецца прэс-канферэнцыя з удзелам прэзідэнтаў.
Затым Анджэй Дуда адправіцца ў Браціслаўскі замак, дзе сустрэнецца са старшынёй Нацыянальнага савета Славацкай Рэспублікі Барысам Коларам. Перамовы з прадстаўнікамі славацкіх уладаў завершыць сустрэча з прэм'ер-міністрам Славакіі Эдуардам Хегерам.
У другой палове дня прэзідэнт Анджэй Дуда ўскладзе вянок да помніка «Брама Свабоды» ў браціслаўскім раёне Дэвін.
Апошнім пунктам візіту стане ўдзел прэзідэнта ў мерапрыемстве з нагоды Дня Незалежнасці ў амбасадзе Польшчы ў Славакіі.
PAP/аз