Тыднёвае выданне Polska Times.pl змяшчае інтэрв’ю з міністрам нацыянальнай абароны Польшчы Марыюшам Блашчакам. Гаворка ідзе, між іншым, пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы. Па словах Блашчака, беларускія службы вядуць зладжаную акцыю прапаганды і дэзынфармацыі супраць Польшчы. Гэта, калі казаць коратка, стварэнне ўласнай рэальнасці. Мэта – падарваць давер да польскага войска, службаў і польскай дзяржавы, увесці хаос, каб дэстабілізаваць сітуацыю. Гэта асабліва небяспечная з’ява, – адзначае міністр.
Польскую мяжу з Беларуссю ахоўвае ўжо 9 тысяч салдат (цяпер ужо больш - рэд.). Салдаты аперацыйных войскаў і ваеннай жандармерыі аказваюць падтрымку памежнай службе. Блашчак завярае, што салдатаў на мяжы будзе столькі, колькі будзе неабходна. Самае важнае – бяспека насельніцтва. На дадзены момант – гэта важнейшая задача Войска Польскага.
Міністр абароны дадае, што кожны чалавек, які чытае навіны ў сеціве, павінен памятаць, што мэта беларускай прапаганды – сеяць дэзынфармацыю і хаос. Таму трэба правяраць крыніцы інфармацыі, не распаўсюджваць фэйкаў і не рэагаваць на правакацыі.
Як толькі будуць аформленыя ўсе юрыдычныя працэдуры, на мяжы з Беларуссю пачнецца будаўніцтва агароджы, – кажа Блашчак. Паводле ягоных словаў, часовы плот на мяжы таксама добра стрымлівае нелегальных мігрантаў. Журналіст адзначае, што агароджа будзе ахоўваць не толькі Польшчу, але і ўвесь Еўрасаюз, але старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ЕС не выдзеліць сродкаў на яго будаўніцтва. За гэтае рашэнне яе крытыкуюць нават нямецкія СМІ. Блашчак кажа, што для яго такое рашэнне незразумелае, але Польшча не будзе сядзець і чакаць грошы звонку. Яна сама можа паклапаціцца пра сваю бяспеку.
Polska Times.pl/нг