Паліцыя і памежнікі чакаюць чарговых спробаў масавага прарыву дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі. Прыкладна каля 50 чалавек прарваліся ў Польшчу ўчора вечарам. Усе яны былі затрыманыя і адпраўленыя назад на мяжу. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца Падляскага аддзелу Памежнай варты Катажына Здановіч.
- Група больш чым 50 чалавек штурмавала мяжу, гэтыя людзі паводзілі сябе агрэсіўна. Яны кідалі камяні, бярвёны і галіны ў бок польскіх памежнікаў. Гэтай групе ўдалося прарвацца на тэрыторыю нашай краіны, але ўсе яны былі затрыманыя дзякуючы дзеянням функцыянераў, якія ахоўваюць мяжу.
Паводле звестак польскіх службаў, у бліжэйшыя дні магчымыя чарговыя спробы масавых прарываў праз мяжу. Беларусы быццам бы распаўсюджваюць сярод мігрантаў чуткі, што палякі ў бліжэйшы час не будуць затрымліваць людзей, якія перасякаюць мяжу.
Учора Памежная варта Польшчы зафіксавала 223 спробы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.
IAR PR/нг