Беларуская Служба

У сувязі з новым варыянтам каранавіруса, у Польшчы ўводзяць новыя санітарныя абмежаванні

29.11.2021 20:24
Міністр аховы здароўя таксама абвясціў аб забароне палётаў у сем афрыканскіх краін, якія лічацца краінамі высокай рызыкі.
Ілюстраційне фотоPxhere/domnena publiczna

У сувязі з новым варыянтам каранавіруса, міністр аховы здароўя ўводзіць больш жорсткія санітарныя абмежаванні ў Польшчы. Новыя абмежаванні павінны дзейнічаць з 1 па 17 снежня.

У рэлігійных установах, аб'ектах грамадскага харчавання, гасцініцах і культурных пляцоўках, такіх як кінатэатры, тэатры, оперы ды іншыя, змогуць прымаць не больш наведвальнікаў, чым 50% максімальнай лічбы, а не 75%, як раней. Ліміт у 50 працэнтаў будзе распаўсюджвацца і на такія спартыўныя збудаванні, як басейны і аквапаркі. У камерцыйных абʼектах будзе абмежаванне – адзін чалавек на 15 квадратных метраў, а таксама ў спартыўных залах, клубах і фітнес-цэнтрах, музеях, мастацкіх галерэях, кірмашах, выставах, кангрэсах і канферэнцыях.

Міністр аховы здароўя таксама абвясціў аб забароне палётаў у сем афрыканскіх краін, якія лічацца краінамі высокай рызыкі. Гэта Паўднёвая Афрыка, Батсвана, Лесота, Мазамбік, Намібія, Зімбабвэ і Эсваціні – раней Свазіленд. Людзі, якія вяртаюцца з гэтых краін, будуць знаходзіцца ў каранціне 14 дзён. Людзі, якія едуць з краін, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, будуць абавязаны прайсці 14-дзённы каранцін, з якога яны змогуць быць вызваленыя на падставе ПЦР-тэсту, праведзенага праз 8 дзён пасля перасячэння мяжы.

IAR PR/нг