Беларуская Служба

У Польшчы пачалася акцыя «Падаруй Калядны вечар самотным старцам»

24.12.2021 11:12
Гэта штогадовая акцыя, якую ладзіць Таварыства «Малодшыя браты гаротных».
Ілюстрацыйны здымакEPA/DUMITRU DORU Dostawca: PAP/EPA

З-за пандэміі сёлета не было ўрачыстай сустрэчы, але падапечныя таварыства атрымалі пачастункі, да кожнага прыехаў валанцёр з падарункам і калядаваннем.

Арганізацыя цэлы год даглядае самотных людзей сталага ўзросту. Як распавяла Барбара Цабан з Таварыства, акцыя ў вігілію Божага Нараджэння з’яўляецца працягам праграмы «Твая прысутнасць дапамагае мне жыць», у якой самае галоўнае – наладзіць і падтрымліваць адносіны паміж валанцёрам і падапечнымі.

«Мы кожны дзень звяртаемся да адзінокіх пажылых людзей, прапаноўваючы ім падтрымку, рэгулярныя візіты валанцёраў. Для самотнага пажылога чалавека такая прысутнасць, магчымасць разам правесці час, пагутарыць, папіць гарбаты надзвычай каштоўная і можа змяніць жыццё», - сказала Барбара Цабан.

Спадарыня Эльжбета ўжо пяць гадоў знаходзіцца пад апекай таварыства, за што вельмі ўдзячная.

«Як кажа сама назва аб'яднання: «Малодшыя браты гаротных», мы бедныя, але не матэрыяльна, а з-за нашай адзіноты. Нашы валанцёры вельмі добрыя і сардэчныя, гэта вялікая псіхічная і духоўная падтрымка для нас», — сказала старэйшая жанчына.

Таварыства апякуецца 500 пажылымі асобамі ў дзевяці гарадах. Большасць з іх знаходзіцца ў Варшаве, Познані і Любліне.

ПР/юл