Беларуская Служба

Аўдыторныя заняткі ў школах Польшчы пачнуцца з 10 студзеня

28.12.2021 12:28
Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч паведаміў, што, згодна з ранейшымі аб'явамі, аўдыторныя заняткі ў школах пачнуцца з 10 студзеня.
10 stycznia szkoły wrócą do stacjonarnej nauki.
10 stycznia szkoły wrócą do stacjonarnej nauki. MikeDotta/Shutterstock

Дыстанцыйнае навучанне будзе праводзіцца толькі некалькі дзён пасля Новага года, урад не плануе ўводзіць новыя абмежаванні ў гэтым пытанні.

Падчас прэс-канферэнцыі Войцех Андрусевіч (Wojciech Andrusiewicz) таксама звярнуўся да бацькоў з просьбай зрабіць прышчэпку сваім дзецям ад Covid-19.

Узмацненне імунітэту навучэнцаў і выкладчыкаў павышае бяспеку навучальных устаноў і дазваляе прагназаваць развіццё эпідэмічнай сітуацыі нават ва ўмовах росту колькасці заражэння новым варыянтам каранавіруса - Omikron.

Цяпер у Польшчы выяўлена толькі 25 выпадкаў заражэння новым варыянтам каранавіруса. Гэта азначае, што інфекцыі Omikron складаюць менш за 1 працэнт ад усіх заражэнняў.

Нагадаем, з 20 снежня па 9 студзеня ва ўсіх пачатковых і сярэдніх школах Польшчы прыпыненыя заняткі ў дзённай форме. Уведзена дыстанцыйнае навучанне. Абмежаванне не распаўсюджваецца на дзіцячыя сады, дашкольныя падраздзяленні ў пачатковай школе і іншыя формы дашкольнай адукацыі.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, за мінулыя суткі было зафіксавана 9 843 новыя выпадкі заражэння каронавірусам. Колькасць заражэнняў у параўнанні з мінулым тыднем знізілася на 34 працэнты.

IAR / вх