Беларуская Служба

25 чалавек абвінавачаны ў буйной кантрабандзе цыгарэт з Беларусі

30.12.2021 08:45
Дзяржаўная казна страціла ад гэтай злачыннай дзейнасці каля 12 мільёнаў злотых.
Цыгарэтыgeralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

25 чалавек былі абвінавачаныя ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі. Кантрабанда ажыццяўлялася на чыгуначным памежным пераходзе ў Цярэспалі. Затым злачынцы прадавалі цыгарэты ў Польшчы і Францыі. Дзяржаўная казна страціла ад гэтай дзейнасці каля 12 мільёнаў злотых.

Следчыя ўстанавілі, што злачынцы перавозілі цыгарэты праз мяжу ў вагонах з бетоннымі блокамі. Банда кантрабандыстаў налічвала восем чалавек і дзейнічала пад выглядам кампаніі.

Усяго са снежня 2018 года па чэрвень 2019 года злачынцы перавезлі больш за 250 тысяч пачак цыгарэт замежных марак без польскіх акцызных знакаў.

Другая злачынная група ў складзе з дзевяці чалавек займалася распаўсюджваннем цыгарэт у Польшчы і Францыі. З красавіка па верасень 2019 года банда перавезла каля 430 тысяч пачак цыгарэт.

Падазраваныя будуць адказваць за ўдзел і кіраванне арганізаванай злачыннай групай і акцызныя злачынствы. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

IAR / аз