Беларуская Служба

Павялічылася колькасць хадайніцтваў аб міжнароднай абароне, пададзеных у Польшчы

12.01.2022 12:03
Большасць заяваў аб прытулку падалі грамадзяне Беларусі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Летась павялічылася колькасць хадайніцтваў аб міжнароднай абароне, пададзеных замежнікамі ў Польшчы. Упраўленне па справах замежнікаў прыняло 7700 заяваў аб прадстаўленні статусу бежанца. Годам раней было пададзена менш за тры тысячы такіх заяваў, а двума гадамі раней каля чатырох тысяч.

Па словах прэс-сакратара Упраўлення па справах замежнікаў Якуба Дудзяка, большасць заяваў аб прытулку падалі грамадзяне Беларусі – каля 1200, а таксама бежанцы з Афганістану ды Іраку.

- Калі казаць пра Беларусь, сітуацыя не мяняецца са жніўня 2020 года. Колькасць грамадзян Беларусі, якія падаюць заяву аб прытулку, не змяняецца з часу прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне. У выпадку афганцаў, неабходна нагадаць, што была вялікая група грамадзян Афганістану, якія былі эвакуяваныя ў жніўні ў Польшчу. У сваю чаргу, з Іраку шмат людзей трапляе ў Польшчу праз тэрыторыю Беларусі і падае заявы на прытулак. Найбольш такіх спраў было ў перыяд з верасня па снежань.

Большасць заяваў падалі маладыя людзі. Крыху больш за палову іншаземцаў, якія летась хадайнічалі за статус бежанца ў Польшчы, мелі ад 18 да 40 гадоў. Адной трэці не споўнілася яшчэ 18 гадоў.

Іншаземец атрымлівае міжнародную абарону ў выпадку, калі ў яго дзяржаве яму пагражае пераслед або рэальная рызыка страціць жыццё або здароўе. Тэрмін разгляду заявы складае 6 месяцаў.

нг