Паводле розных ацэнак, падчас Другой сусветнай вайны Польшча страціла ажно 70% сваёй культурнай спадчыны. Нягледзячы на 80 гадоў, якія мінулі з гэтага часу, палякі надалей змагаюцца за рэстытуцыю, захопленых падчас вайны твораў мастацтва, а дзякуючы сучасным тэхналогіям згаданыя намаганні сталі даваць канкрэтныя вынікі.
Надоечы ў Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны быў створаны асобны Дэпартамент па рэстытуцыі твораў культурны, які замяніў існуючы да гэтай пары Аддзел па рэстытуцыі культурных каштоўнасцей у Дэпартаменце культурнай спадчыны за мяжой і ваенных страт, паведаміў Тамаш Слівіньскі (Tomasz Śliwiński) з Міністэрства культуры:
- Такая патрэба ўзнікла, паколькі кожны год Аддзел па справах рэстытуцыі твораў культурны вядзе ўсё больш спраў, як у краіне так і ў свеце. Таму неабходна было ўзмоцніць дзеянні па справе рэстытуцыі. Развіццё тэхналогіі, інфармацыя, якая да нас паступае, IT-інструменты, якімі мы карыстаемся дазваляюць атрымаць больш інфармацыі пра аб’екты, якія лічацца польскімі ваеннымі стратамі.
Віцэ-прэм’ер міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі (Piotr Gliński) паведаміў, што зараз Польшча вядзе 80 спраў па вяртанні, захопленых падчас вайны твораў мастацтва ў 11 краінах свету, у тым ліку 20 заяў, пададзеных у органы ўлады Расійскай Федэрацыі, застаюцца без адказу:
- Гаворка ідзе пра рэстытуцыйныя працэсы, датычныя вяртання ў Польшчу канкрэтных твораў мастацтва. І таму неабходны ўжо не аддзел, але самастойны дэпартамент, які будзе змагацца за вяртанне як найбольшай колькасці твораў мастацтва ў Польшчу.
Стварэнне дэпартамента дазволіць працаўладкаваць дадатковых спецыялістаў, кажа Тамаш Слівіньскі:
- Пашырэнне структуры аддзела да самастойнага дэпартамента мае на мэце працаўладкаванне большай колькасці спецыялістаў, якія дапамогуць павялічыць колькасць працэсаў, атрымліваць інфармацыю, весці даследаванні. Усё гэта павінна паўплываць на павелічэнне колькасці аб’ектаў, якія нам удасца атрымаць назад. З 2016 года Міністэрству культуры і нацыянальнай спадчыны ўдалося вярнуць у Польшчу 516 аб’ектаў. Кожны такі аб’ект вельмі каштоўны.
Тамаш Слівіньскі тлумачыць, чаму цягам апошніх гадоў, эксперты знаходзяць больш страчаных падчас вайны твораў мастацтва:
- Гэта вынікае з развіцця тэхналогіі і павелічэння колькасці партнёраў, з якімі мы супрацоўнічаем, а таксама навуковых даследаванняў, якія дазваляюць нам атрымаць новую інфармацыю. Трэба памятаць, што спіс ваенных стратаў не мае пастаяннага характару. Ён мяняецца. Год таму ў ім было 63 тысячы аб’ектаў, зараз гэта больш за 64 тысячы. Гэта сведчыць пра тое, што мы эфектыўна атрымліваем інфармацыю пра ваенныя страты і прыкладаем намаганні, каб вярнуць іх назад у Польшчу.
Віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі нагадаў, што гаворка ідзе не толькі пра ІТ-метады, якія можна выкарыстаць у галіне рэстытуцыі:
- IT- метады і вобшук віртуальнай рэчаіснасці – гэта выключна адзін са спосабаў. Мы супрацоўнічаем са шматлікімі ўстановамі па ўсім свеце, якія спецыялізуюцца ў пошуку твораў мастацтва. Гэта таксама супраца з нашымі замежнымі службамі і гісторыкамі мастацтва, якія шукаюць інфармацыю сваімі каналамі.
Паводле некаторых ацэнак, падчас Другой сусветнай вайны Польшча страціла ажно 70% сваёй культурнай спадчыны, нагадаў віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі:
- Мы надаём вялікае значэнне вяртанню ў Польшчу захопленых твораў мастацтва. Паводле некаторых даследаванняў, падчас Другой сусветнай вайны Польшча страціла ажно 70% сваёй культурнай спадчыны. Нам гэтага не ўдалося вярнуць. Тым ня менш, нават 80 гадоў пасля вайны мы не спыняем працы. Амаль кожны тыдзень паведамляем пра тое, што ўдалося знайсці нейкі новы аб’ект.
Супрацоўнікі, якія займаюцца пошукам і рэстытуцыяй культурных каштоўнасцей, праводзяць актыўны іх пошук на рынку мастацтваў, на аўкцыёнах і ў каталогах. Кожны выпадак патрабуе індывідуальнага падыходу і дзеянняў спецыялістаў у той ці іншай галіне. Пасля пацвярджэння, што знойдзены аб'ект з’яўляецца захопленым у Польшчы помнікам, рыхтуецца заяўка на рэстытуцыю. Гэта падрабязная дакументацыя дадзенага прадмета, якая апісвае, у прыватнасці, яго гісторыю і абставіны страты, на падставе якіх міністэрства патрабуе яго вяртання. У залежнасці ад прававога становішча помніка такі працэс заканчваецца або безумоўным вяртаннем аб’екта або кампрамісам, заключаным паміж бакамі справы.
Страты польскай культуры падчас Другой сусветнай вайны ацэньваюцца ў 514 тысяч артэфактаў. Толькі 64 тысячы з іх апісаны ў каталогу страчаных твораў мастацтва, з якіх толькі каля 14 тысяч былі сфатаграфаваныя, а астатнія толькі апісаныя. За апошнія гады, дзякуючы працы супрацоўнікаў Аддзела па справах ваенных стратаў у польскія музеі вярнуліся больш за 500 твораў мастацтва. Аднак, гэта надалей «кропля ў моры».
З 1992 года Міністэрства культуры збірае дадзеныя аб мастацкіх творах, якія былі захопленыя і вывезеныя з тэрыторыі Польшчы падчас вайны. Згаданы спіс пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца.
Дзякуючы намаганням польскага боку ў 2021 годзе ў Польшчу вярнуліся, між іншым, такія творы мастацтва, як: карціна «Вясковая дзяўчына ў жоўтай хустцы» Леона Вычулкоўскага, карціна Альберта Эдэльфельта «Пад бярозамі», «Дама ў паўлінавых пёрах» Тэадора Аксентовіча, малюнкі Андрыёлі і іншыя.
IAR/аз