Беларуская Служба

Адзін з праектаў Цэнтральнага камунікацыйнага порту прадугледжвае лінію да ўкраінскай мяжы

13.09.2022 14:33
Цэнтральны камунікацыйны порт, які знаходзіцца ў фазе праектавання, павінен быць найбуйнейшым камунікацыйным хабам у Польшчы.
            -
Пасажырскі цягнік «Чатырох сталіц» фарміравання ўкраінскай чыгункі «Укрзалізниця» паведамленнем Кіеў – Мінск - Вільнюс – Рыга screen/youtube

Праз яго плануецца пусціць галоўны паток пасажырскага руху ў Польшчы. З ЦКП па ўсёй краіне будуць разыходзіцца чыгуначныя шляхі.

У раёне Замасця, на польска-ўкраінскай мяжы, тры з чатырох праектаў прадугледжваюць будаўніцтва тунэлю працягласцю 6 км і падземнага вакзалу ў цэнтры горада. Што важна, паявілася таксама канцэпцыя, што адно злучэнне можа быць пабудавана да мяжы з Украінай. Такім чынам, у будучыні яго лёгка можна было б пашырыць да Львова, а ў канчатковым выніку да Кіева, піша партал tvp.info.

Такое чыгуначнае злучэнне дадаткова скароціць час пераезду. Напрыклад, з Замасця да Варшавы можна будзе даехаць за 2 гадзіны 15 хвілін. Сёння гэта займае 4 гадзіны 30 хвілін.

Разбудова лініі да Львова адпавядае плану рэканструкцыі Украіны, прадстаўленым Еўракамісіяй, і канцэпцыі пашырэння калідораў TEN-T на тэрыторыі ўсходняга суседа. Ніякіх канчатковых рашэнняў пакуль не прынята. Інвестыцыйны працэс можна будзе запусціць пасля магчымай формулы яго рэалізацыі на міжурадавым узроўні.

У рамках Цэнтральнага камунікацыйнага порту рыхтуецца будаўніцтва 12 чыгуначных маршрутаў, у тым ліку 10 з іх будуць весці з розных рэгіёнаў Польшчы ў Варшаву і ЦКП. Агулам гэта 30 інвестыцыйных задач і амаль 2 тыс. км новых чыгуначных ліній, якія будуць завершаны да канца 2034 года.

ав