У пачатку лістапада пачне дзейнічаць праграма падтрымкі польскай мэблевай прамысловасці. Падрабязнасці прадставілі Міністэрства развіцця і тэхналогій і Агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва.
Дапамога будзе накіравана на рабатызацыю і аўтаматызацыю вытворчасці. Агулам на праграму прызначана амаль $6 млн (29 мільёнаў злотых).
Міністр развіцця і тэхналогій Вальдэмар Буда заявіў, што мэблевая прамысловасць з'яўляецца адной з найменш рабатызаваных галін прамысловасці – таму яна ахоплена спецыяльнай падтрымкай. Гэта дазволіць развівацца на аснове аўтаматызацыі.
Сродкі гранта будуць выдзяляцца на набыццё, мантаж і ўвод у эксплуатацыю прамысловага робата. Падтрымка будзе датычыцца і праграмнага забеспячэння. Праграма накіраваная на прадпрымальнікаў, якія за два з трох апошніх гадоў дасягнулі даход ад продажаў не менш за тры мільёны злотых. Тэрмін рэалізацыі праекта не можа перавышаць 18 месяцаў. Падаваць заяўкі можна з 8 лістапада па 6 снежня.
Польшча зʼяўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў мэблі ў Еўропе і адным з найбуйнейшых экспарцёраў. Летась кошт вытворчасці склаў больш за 11 мільярдаў долараў (56 мільярдаў злотых).
Аднак пачатак вайны ва Украіне і закрыццё некаторых рынкаў выклікалі праблемы ў прамысловасці.
IAR/яс