Польскі генерал-маёр Пётр Трытэк у чацвер, 28 кастрычніка быў прызначаны аператыўным камандзірам місіі ЕЗ па навучанні ўкраінскіх вайскоўцаў. «Гэта велізарная адказнасць, а таксама прызнанне пазіцыі Польшчы на міжнароднай арэне», – пракаментаваў гэтае прызначэнне ў Twitter міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
Зараз генерал-маёр Пётр Трытэк з'яўляецца камандзірам 11-й Любускай бранятанкавай дывізіі. У яго паслужным спісе служба ў Іраку і Афганістане.
Навучальна-трэнавальная місія Еўразвязу – EUMAM Ukraine – разлічана на забеспячэнне індывідуальнай, калектыўнай і спецыялізаванай падрыхтоўкі Узброеных сіл Украіны, а таксама каардынацыя і сінхранізацыя дзейнасці краін ЕС у падтрымцы гэтай падрыхтоўкі.
Місія EUMAM Ukraine будзе дзейнічаць на тэрыторыі краін-членаў Супольнасціі будзе мець аператыўны штаб у Бруселі для забеспячэння сумеснай каардынацыі на стратэгічным узроўні. Два аператыўныя камандаванні будуць створаны ў Польшчы і Германіі. Мандат місіі першапачаткова будзе доўжыцца два гады, прыблізны агульны кошт праекту – больш за 106 мільёнаў еўра.
Большая частка навучання ўкраінскіх жаўнераў будзе праходзіць у Польшчы.
iar/эж