Заўтра ў польскім парламенце пачнецца сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. Тэмай сустрэчы стане вайна ва Украіне і яе ўплыў на бяспеку еўрапейскага кантынента, а таксама роля АБСЕ і нацыянальных парламентаў.
Кіраўнік польскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Барбара Бартусь (Barbara Bartuś) з партыі «Права і справядлівасць» кажа, што будуць абмяркоўвацца таксама перспектывы аднаўлення Украіны. Дэпутат дадае, што на паседжанні Асамблеі ў польскім парламенце не будуць прысутнічаць прадстаўнікі Расіі і Беларусі. Гэтае рашэнне было прынятае па ўзгадненні з маршалкамі Сейму і Сенату.
Барбара Бартусь таксама не выключае ўнясення зменаў у рэгламент Парламенцкай асамблеі арганізацыі. Яна тлумачыць, што гаворка ідзе пра магчымасць часовага прыпынення правоў члена дзяржавы-агрэсара, які не адпавядае правілам Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. Палітык дадае, што цяпер такімі краінамі з'яўляюцца Расія і Беларусь.
Парламенцкая асамблея АБСЕ была створана ў 1992 годзе. Яе галоўная задача – спрыяць міжпарламенцкаму дыялогу для рэалізацыі задач АБСЕ. Членамі Асамблеі зʼяўляюцца 323 парламентарыі з 57 краін.
iar/нг