Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што праз паўгода будзе прадстаўлены новы план развіцця польскай вёскі і сельскай гаспадаркі. Пра гэта кіраўнік ураду казаў падчас з’езду кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» у гарадку Пшысуха ў Мазавецкім ваяводстве. У сваім выступе кіраўнік ураду падкрэсліў, што «пакт для вёскі» будзе ўтрымліваць дзяржаўныя абавязкі перад фермерамі:
- Мы хочам узмацніць пазіцыі фермераў у перамовах з буйнымі вытворцамі і гандлёвымі сеткамі, якія закупляюць іх сельскагаспадарчую прадукцыю. Мы пакажам, як яшчэ больш скараціць шлях ад «поля да стала». Мы пакажам, як лепш абараніць фермераў ад стыхійных бедстваў. Гэта будзе наш пакт для польскай вёскі.
Падчас з’езду палітыкі ПіС акрэслілі кірункі на будучыню для сельскай гаспадаркі. На сустрэчы прысутнічалі, між іншым, прэм’ер Матэвуш Маравецкі, віцэ-прэм’ер, міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Генрык Кавальчык, іншыя міністры, спікер Сейма Эльжбета Вітэк.
IAR/аз