Беларуская Служба

Пракуратура перадала ў суд справу беларуса і расіяніна, абвінавачаных у шпіянажы

04.01.2023 12:06
Абодва былі затрыманыя ў красавіку 2022 года.
ілюстрацыйны здымакфота: IAR/Krystian Dobuszyński

Польская пракуратура перадала ў Акружны суд у Беластоку справу супраць беларуса і расіяніна, абвінавачаных у шпіянажы на карысць расійскай вайсковай разведкі (ГРУ), піша Польскае агенцтва друку (Polska Agencja Prasowa) са спасылкай на прэс-сакратара пракуратуры ў Варшаве Аляксандру Скшыняж.

Абвінаваўчае заключэнне ў акружны суд у Беластоку было накіраванае 30 снежня 2022 года аддзелам па ваенных справах акружной пракуратуры ў Варшаве. Пракуратура абвінаваціла грамадзяніна Расіі і грамадзяніна Беларусі ў вядзенні з 2017 года па красавік 2022 года шпіёнскай дзейнасці на карысць расійскай ваеннай разведкі. «Абодва былі затрыманыя ў красавіку 2022 года», - нагадала пракурор Аляксандра Скшыняж.

Па версіі следства, абодва абвінавачаныя знаходзіліся ў Польшчы на законных падставах. «Грамадзянін Беларусі спачатку вучыўся ў адной з беластоцкіх вышэйшых навучальных устаноў, а затым уладкаваўся на працу па арганізацыі парашутнай падрыхтоўкі, устанавіў кантакты, у тым ліку і сацыяльныя, што і выкарыстаў пры ажыццяўленні дзейнасці ў інтарэсах расійскай ваеннай разведкі. Другі з падсудных выконваў дзеянні на карысць расійскай разведкі пад выглядам культурнай дзейнасці і турызму».

Акрамя таго, устаноўлена, што шпіёнская дзейнасць абвінавачаных была сканцэнтравана на воінскіх часцях, размешчаных на паўночным усходзе Польшчы. «У рамках гэтай дзейнасці яны выконвалі задачы, звязаныя з разведкай важных элементаў Узброеных сіл Польшчы і атрыманнем інфармацыі, у прыватнасці, у вобласці: выканання салдатамі Войска Польскага задач у раёне дзяржаўнай мяжы з Беларуссю ў сувязі з так званым міграцыйным крызісам, колькасцю салдат, якія выконваюць задачы ў раёне мяжы і структуры падраздзяленняў, выкарыстанне спецтэхнікі памежнікаў Польскай Рэспублікі, стан маральнага духу і аператыўнага патэнцыялу, узаемадзеянне дыслакаваных на паўночным усходзе Польшчы вайсковых частак з войскамі іншых краін НАТА», - дадала прэс-сакратар Акружной пракуратуры ў Варшаве.

З моманту затрымання абодва абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.

PAP/нг