Беларуская Служба

Міністр спорту: Байкот Польшчай Алімпійскіх гульняў, калі ў іх возьме ўдзел Расія, будзе крайняй мерай

15.02.2023 16:12
Польшча прапанавала Міжнароднаму алімпійскаму камітэту стварыць для расіян і беларусаў каманду ўцекачоў, каб яны не выступалі пад сцягамі краінаў-агрэсараў.
Міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук Polskie Radio

Міністр спорту і турызму Каміль Бартнічук (Kamil Bortniczuk) заявіў, што байкот Алімпійскіх гульняў з боку Польшчы, калі ў іх возьме ўдзел Расія, – гэта рашэнне, якое будзе выкарыстана ў крайнім выпадку.

Гаворка ідзе пра шматэтапны план, падрыхтаваны Міжнародным алімпійскім камітэтам для ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у летніх Гульнях у Парыжы і зімовых у Мілане ў 2026 годзе. Камітэт лічыць, што ніводнаму спартсмену нельга перашкаджаць удзельнічаць у спаборніцтвах толькі з-за яго пашпарта.

Польшча з такім падыходам не пагаджаецца, але таксама не хоча, каб праз байкот не ўдзельнічаць у гульнях, сказаў міністр Каміль Бартнічук.

- Нашай мэтай не з'яўляюцца алімпійскія гульні без Польшчы, ці без Украіны. Гэта было б курʼёзам, калі б аказалася, што Украіна -ахвяра Расіі не будзе ўдзельнічаць, а Расія будзе. Ад 24 лютага мінулага году нічога не змянілася ў паводзінах Расіі, таму няма прадпасылак для змякчэння санкцыяў. І мы будзем намагацца пераканаць да такога падыходу Міжнародны алімпійскі камітэт і ўвесь спартовы свет.

Міністр Бартнічук нагадаў, што Польшча прапанавала Міжнароднаму алімпійскаму камітэту стварыць для расіян і беларусаў каманду ўцекачоў, каб яны не выступалі пад сцягамі краінаў-агрэсараў.

IAR/яс