Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі павінен папрасіць прабачэння ў Яраслава Качыньскага за словы пра Смаленск

21.03.2023 18:51
Словы тычыліся загінулага ў катастрофе прэзідэнта Леха Качыньскага, брата старшыні партыі «Права і Справядлівасць».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Суд загадаў еўрадэпутату, прадстаўніку апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Радаславу Сікорскаму папрасіць прабачэння ў Яраслава Качыньскага за словы пра Смаленск, якія тычыліся загінулага ў катастрофе прэзідэнта Леха Качыньскага.

Старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі выйграў у судзе супраць Радаслава Сікорскага аб абароне асабістых правоў, паведаміў адвакат кіраўніка ПіС.

Гаворка ідзе пра запіс у Twitter Сікорскага, у якім ён заявіў, што прэзідэнт Лех Качыньскі «меў істотны ўклад у смаленскую авіякастрофу».

Прэзідэнт ПіС падаў на Сікорскага ў грамадзянскі суд, спасылаючыся на абарону і павагу да памяці памерлага.

Рашэннем ад 17 сакавіка Акруговы суд у Варшаве абавязаў еўрадэпутата Радаслава Сікорскага на працягу сямі дзён пасля ўступлення прысуду ў сілу апублікаваць прабачэнні ў сваім акаўнце ў Twitter:

«Я прашу прабачэння ў спадара Яраслава Качыньскага за тое, што 14 студзеня 2021 г. у Twitter я парушыў яго асабістыя правы, у выглядзе культу памяці памерлага, заявіўшы, што прэзідэнт Лех Качыньскі істотна спрычыніўся да смаленскай катастрофы. Радаслаў Сікорскі».

Прабачэнне мае быць апублікавана з выкарыстаннем т.зв прымацавання на 14 дзён, без каментароў, дапаўненняў і спасылак на змест. Без выкарыстання якіх-небудзь фармальных або тэкставых мер, якія паменшылі б сэнс, ранг і сур'ёзнасць прабачэнняў або пазначылі дыстанцыю да яго зместу або формы, без якіх-небудзь мер, якія ўскладнілі б атрымальнікам чытанне зместу або паўплывалі на чытальнасць тэксту.

Акрамя таго, Сікорскі павінен пакрыць судовыя выдаткі.

Гаворка ідзе пра запіс палітыка «Грамадзянскай платформы» са студзеня 2021 года, у якім Сікорскі ў тэме пра вуліцу Леха Качыньскага ў Варшаве напісаў: «Лех Качыньскі быў сярэднім прэзідэнтам і спрычыніўся да смаленскай катастрофы. У яго ўжо ёсць Вавель і самавольная забудова на плошчы Пілсудскага (гаворка ідзе пра помнік Яраславу Качыньскаму- рэд.). Хопіць будаваць культ, для якога няма падстаў», – напісаў еўрадэпутат, выступаючы такім чынам супраць прысваення вуліцам імёнаў памерлага прэзідэнта.

Прысуд не ўступіў у сілу.

Радаслаў Сікорскі заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.

– Безумоўна, я буду абскарджваць прысуд, які прызнаў, што я памыляўся, кажучы, што Лех Качыньскі спрычыніўся да смаленскай трагедыі, – заявіў Радаслаў Сікорскі ў запісе, апублікаваным у аўторак у сацыяльных сетках.

PAP/яс