Беларуская Служба

Нацыянальны цэнтр культуры перадаў Музею Вольнай Беларусі плакаты, прысвечаныя беларускаму пратэсту

23.03.2023 14:31
Працы былі падрыхтаваныя ў рамках конкурсу «Бел-чырвона-белы».
         --
Працы Яўгеніі Мужавай "Мы не мяса" і Енджэя Скарацкага "Бел-чырвона-белы"фота: БСПР/нг

У Варшаве адбылася ўрачыстасць адкрыцця выставы плакатаў, прысвечаных беларускаму пратэсту 2020 года. Польскі Нацыянальны цэнтр культуры перадаў Музею Вольнай Беларусі мастацкія працы, якія былі падрыхтаваныя ў рамках конкурсу «Бел-чырвона-белы». На гэты конкурс, аб’яўлены Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Нацыянальным цэнтрам культуры, арганізатары атрымалі 243 працы, з якіх былі адабраныя 18 найлепшых. Сярод траіх пераможцаў – адна беларуска і двое палякаў.

Важна, што плакаты папоўняць калекцыю экспанатаў Музею Вольнай Беларусі, – адзначае дырэктарка музею Наталля Задзяркоўская.

- Гэтая ініцыятыва знайшла водгук і ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, і ў Міністэрстве культуры. Гэта добры сумесны праект, для мяне ён важны яшчэ і тым, што пасля адкрыцця выставы плакаты з гэтага конкурсу «Бел-чырвона-белы» пойдуць у фонд музею і значна яго ўзмоцняць. Адна з нашых мэтаў – гэта збор прадметаў, звязаных з беларускім пратэстам.

Ва ўрачыстай перадачы плакатаў у Музей Вольнай Беларусі ўдзельнічаў між іншым віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі, які адзначыў, што выстава паказвае супраціў палякаў у адносінах таго тэрору, які разгарнуў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

- Няма згоды на гэты пераслед і мы ніколі не спынім нашы намаганні ў напрамку вызвалення палітычных вязняў і вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі. Гэты музей – выдатны прыклад барацьбы, якой найбольш баяцца дыктатары – барацьбы ў галіне культуры.

Перадача выставы плакатаў адбылася ў рамках адзначэння 105-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918 г).

нг