Беларуская Служба

У Польшчы затрыманыя члены міжнароднай групоўкі інтэрнэт-махляроў

24.03.2023 07:53
Пяцярых падазраваных у інтэрнэт-махлярстве затрымалі супрацоўнікі Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю.
Фото ілюстраційне CC0 Domena publiczna https://pxhere.com/pl/photo/989227

Банда падманула кампаніі ў многіх краінах свету. Затрыманыя палякі могуць быць датычнымі да адмывання грошай.

Групоўка махляроў займалася фішынгам, то бок выдачай сябе за людзей і ўстановы ў інтэрнэце. Злачынцы выдаваліся за прадстаўнікоў банка і паведамлялі пра нібыта змену нумара рахунку кампаніі. Такім чынам яны перахапілі пераводы на агульную суму 6 мільёнаў злотых. Махляры падманулі кампаніі з Італіі, Нідэрландаў, Кітая, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Перу і Аргенціны.

Нядаўна затрыманыя ў Любельскім ваяводстве палякі павінны былі адмываць брудныя грошы. Паліцыя канфіскавала ў іх мабільныя тэлефоны, камп'ютары і карты памяці.

У Люблінскім аддзеле Нацыянальнай пракуратуры іх абвінавацілі ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і адмыванні грошай. Двое з іх змешчаны ў СІЗА. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

ПР/юл