Беларуская Служба

«Хаця дыпламатычныя намаганні ў дачыненнях з Беларуссю ненадзейныя, Польшчы ўдаецца дасягнуць пэўных поспехаў»

29.03.2023 10:12
Намеснік міністра замежных спраў Павел Яблоньскі заявіў, што дзякуючы Польшчы пастаянна развіваецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызвалення палітвязняў.
      .
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павал Яблоньскі.Polskie Radio/PR 1

У эфіры Польскага радыё Павел Яблоньскі падкрэсліў, што хаця дыпламатычныя намаганні ў дачыненнях з Беларуссю, на жаль, ненадзейныя, Польшчы ўдаецца дасягнуць пэўных поспехаў:

- Нам удалося дабіцца мэты ў выпадку нават звыш дзесяці чалавек. Я не хачу гаварыць пра дэталі гэтых справаў, таму, што кожны раз патрэбны быў індывідуальны падыход. У выпадку такіх перамоваў трэба быць асцярожным. Найважнейшая паспяховасць, дасягненне вызвалення палітвязняў. Я цяпер гавару пра палякаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, бо гэта для нас прыярытэт, але нам трэба памятаць, што па палітычных матывах зняволеныя ў Беларусі больш за 1500 чалавек.

У сярэдзіне сакавіка Еўрапарламент у спецыяльнай рэзалюцыі заклікаў беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага, а таксама польскага журналіста Анджэя Пачобута і ўсіх іншых палітвязняў.

Са жніўня 2020 года Еўрасаюз уводзіць чарговыя пакеты санкцый супраць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў адказ на ўцягванне краіны ў вайну Расіі супраць Украіны. Санкцыі заключаюцца ў забароне на ўезд у ЕЗ і замарожванні актываў фігурантаў санкцыйнага спісу, цяпер яны датычацца 195 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і замарозцы актываў 34 суб'ектаў.

9 лютага Польшча абвясціла аб закрыцці памежнага пераходу ў Баброўніках, апошняга з адкрытых у Гродзенскай вобласці, «у сувязі з інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі». Гэта стала рэакцыяй на вынесены прысуд беларускага суда ў Гродне 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму актывісту польскай меншасці і журналісту Анджэю Пачобуту.

IAR/яс