Беларуская Служба

У Польшчы адбываецца акцыя «Велікодная пасылка для героя»

01.04.2023 09:58
Па ўсёй краіне валанцёры перададуць ветэранам барацьбы за незалежнасць каля дзвюх тысяч велікодных набораў.
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/Elle Aon

Жэст падтрымкі, памяці і магчымасць сустрэцца – так кажуць арганізатары пра акцыю «Велікодная пасылка для героя». Па ўсёй краіне валанцёры перададуць ветэранам барацьбы за незалежнасць каля дзвюх тысяч велікодных набораў са святочнымі паштоўкамі, патрэбнымі таварамі і прадуктамі.

Асноўная частка мерапрыемства адбываецца ў гэтыя выходныя. Пасылкі атрымаюць ветэраны Другой сусветнай вайны, змагары антыкамуністычнага падполля, рэпрэсаваныя ў ПНР і ветэраны, параненыя ў міратворчых місіях.

«Мы хочам падтрымаць ветэранаў, паказаць, што мы пра іх памятаем, сустрэцца з імі перад святамі і паразмаўляць», – сказаў Польскаму радыё віцэ-старшыня Аб’яднання «Пасылка для героя» Пётр Зажыцкі. Ён дадаў, што валанцёры наведваюць герояў не толькі падчас падобных акцый. Яны стараюцца падтрымліваць пастаянны кантакт з многімі людзьмі і дапамагаць у штодзённых патрэбах.

Велікодныя наборы будуць уключаць прадметы асабістай гігіены, коўдры, ручнікі, святочныя дэкарацыі, цукеркі і велікодныя віншавальныя паштоўкі.

Толькі ў сталіцы варшаўскім паўстанцам будзе дастаўлена каля 150 пасылак. У Варшаве акцыю падтрымае Ваенны тэхналагічны ўніверсітэт.

iar/нг