Беларуская Служба

У Кракаве пачаўся традыцыйны велікодны кірмаш

01.04.2023 16:53
Каталіцкая Пасха будзе адзначацца ўжо праз тыдзень, 9 красавіка.
Велікодны кірмаш у Кракавефота: PAP/Łukasz Gągulski

У Кракаве на Рынкавай плошчы адкрыўся традыцыйны велікодны кірмаш. Жыхары і турысты могуць набыць вырабы на святы Вялікадня. Каталіцкая Пасха будзе адзначацца ўжо праз тыдзень.

«Жыхары і турысты з вялікай цікавасцю глядзяць на прадукцыю на кірмашы – асабліва на калядныя вырабы, вянкі, пальмы, кошыкі, велікодныя яйкі. І купляюць, нягледзячы на тое, што, з-за інфляцыі, кошты крыху выраслі», – распавёў Дарыюш Міхаляк, член Кракаўскай рады купецкай кангрэгацыі, якая з'яўляецца суарганізатарам кірмашу.

«Мы адкрываем кірмаш, каб і гандлярам, і пакупнікам жылося лепш», – вітаў гасцей на Рынкавай плошчы віцэ-мэр Кракава Багуслаў Касьмідэр.

Дарыюш Раш, пробашч парафіі Найсвяцейшай Марыі, пажадаў добрай падрыхтоўкі да Вялікадня. «Цудоўна, што мы культывуем хрысціянскія прынцыпы, традыцыі веры. Заўтра бласлаўленне пальмаў (гэтак называюць у Польшчы ўпрыгожаныя вербныя галінкі, якія рыхтуюць на Пасху – рэд.), на наступным тыдні, у суботу, асвячэнне ежы», – нагадаў пробашч.

На Рынкавай плошчы ў Кракаве сваю прадукцыю прадстаўляюць 80 купцоў з Польшчы, а таксама з Літвы, Украіны, Славакіі і Венгрыі. Кірмаш працягнецца да 10 красавіка.

PAP/нг